Беларусы больш баяцца NATO, чым росту цэн

“Агрэсіўная палітыка ЗША” і пашырэнне NATO на Ўсход хвалююць беларусаў больш за рост коштаў і небяспеку страціць працу. Прынамсі, так сцвярджаюць афіцыйныя сацыёлагі. Нечакана апынулася, што большасць беларусаў – аптымісты. Яны не толькі не бачаць у будучым ніякіх праблемаў для сябе, але і лічаць, што ні ў нашай краіне, ні ў іх асабіста ніякіх праблемаў няма. Гэта вынікае з адказаў апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта. Апыталі аналітыкі цэнтра каля 2 тысяч чалавек, узростам ад 18 гадоў і вышэй. Высветлілася, што больш за 60% апытаных не лічаць, што будучыня нясе ім нейкія пагрозы. А праблемы калі і ёсць, то яны да Беларусі і іх асабіста не маюць непасрэднага дачынення, а тычацца міжнароднай сітуацыі.

Аналітыкі прэзідэнцкага цэнтра падлічылі, што 41-у адсотку апытаных “не дае спакойна спаць” сусветны эканамічны крызіс". 34 адсоткі баяцца распаўсюду міжнароднага тэрарызма. Канфлікт паміж Грузіяй, Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй непакоіць каля 20% апытаных. Прыблізна столькі ж людзей, падлічылі аналітыкі цэнтра, занепакоеныя “агрэсіўнай знешняй палітыкай ЗША”, пашырэннем NATO і магчымым размяшчэннем амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы.

На думку дырэктара цэнтра міжнародных даследаванняў БДУ Уладзіміра Ўлаховіча, вынікам апытання, праведзенага цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта, можна давяраць. А тое, што апытаныя нічога не кажуць пра ўласныя праблемы альбо праблемы сваёй краіны, усю ўвагу акцэнтуючы на праблемах сусветных, тлумачыцца ментальнасцю і выхаваннем беларусаў.

Уладзімір Улаховіч: “Гэта існавала доўгі час, з савецкіх часоў. Заўсёды людзі больш цікавіліся вялікімі, маштабнымі, міжнароднымі праблемамі і менш акцэнтавалі, у такім грамадскім сэнсе, увагу да звычайнага жыцця, да сваіх асабістых праблем. Мне здаецца, што гэта проста інэрцыя, якая існуе не адзін дзесятак гадоў. Яны проста прызвычаіліся больш працаваць напружана, а менш скардзіцца. На мой погляд, гэта тычыцца нават больш глыбокіх каранёў беларусаў”.

Праўда, разважаць на тэму, што прычынай менавіта такіх адказаў апытаных маглі стаць адмыслова сфармуляваныя пытанні анкеты, супрацоўнік БДУ не пажадаў.

А вось былы міністр працы, сацыёлаг Аляксандр Сасноў у першую чаргу звярнуў увагу на такую магчымасць.

Аляксандр Сасноў: “Мяркую, такія адказы сведчаць аб інструментарыі, з дапамогай якога праводзілася апытанне. У інструментарыі можна зрабіць такое пытанне: “Што вас турбуе?”, а потым даць такі пералік праблемаў, якія зусім людзей не хвалююць”.

І, спасылаючыся на апошнія даследаванні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, пералічыў тыя праблемы, якія насамрэч сёння хвалююць беларусаў.

Аляксандр Сасноў: “Першае, што турбуе людзей, гэта цэны, іх рост. Адсоткаў 85 пра гэта кажуць. Потым ідзе беспрацоўе, за ім – збядненне насельніцтва ды іншае. Але ніяк не Абхазія і не NATO”.

На думку сацыёлага, у дадзеным выпадку ўлада выкарыстала несумленных аналітыкаў для ідэалагічнай апрацоўкі людзей.

Аляксандр Сасноў: “Нядобрасумленныя палітыкі выкарыстоўваюць нядобрасумленных аналітыкаў, каб нейкую сваю праўду данесці да людзей. Нядобрасумленныя – і адныя, і другія”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі