Беларусы разгромна прайгралі чэшскім хакеістам
Беларускія хакеісты разгромна прайгралі зборнай Чэхіі. 6 траўня каманды сустрэліся ў рамках другога тура групавога этапу чэмпіянату свету па хакеі. Гульня праходзіла ў Парыжы. Наша зборная ніяк не магла супрацьстаяць сапернікам. Ужо ў першым перыядзе беларусы прапусцілі дзве шайбы і нічым не змаглі адказаць чэхам. У другім перыядзе падапечныя Дэйва Льюіса ўсё ж змаглі паразіць браму сапернікаў (адзначыўся Аляксандр Паўловіч), але чэхі таксама закінулі беларусам яшчэ адну шайбу і лік стаў 1:3. У апошнім перыядзе сапернікі яшчэ тройчы адзначыліся галамі і ў выніку матч скончыўся з лікам 1:6.
У матчы першага раунда беларуская зборная гуляла з Фінляндыяй і саступіла ў напружанай барацьбе — 2:3.
Наступны матч нашы хакеісты згуляюць з канадцамі — дзеючымі чэмпіёнамі свету.