Беларусы самі адмаўляюцца ад сацыяльнай дапамогі?

У Мінску на сацыяльную дапамогу выдзелілі грошай удвая менш за мінулы год. Але, як даведалася Еўрарадыё, і жадаючых яе атрымаць значна паменшылася.
Ажыятаж на атрыманне адраснай дапамогі зменшыўся ў параўнанні з мінулым годам. Так запэўніваюць у аддзелах па сацыяльнай падтрымцы выканкамаў. Але самі жадаючыя атрымаць дапамогу сцвярджаюць, што ў іх папросту не хочуць прымаць заявы.

Нагадаем, што летась выдзеленых першапачаткова грошай на ўсіх жадаючых не хапіла. На сацыяльную падтрымку пайшло ў тры разы больш сродкаў, чым планавалася. Еўрарадыё зацікавілася, ці змянілася сітуацыя ў гэтым годзе.

У выканкамах кажуць, што такога ажыятажу, як летась, няма. Але відавочцы сцвярджаюць іншае. Вось што распавяла Еўрарадыё інвалід 2-й групы, афіцыйна беспрацоўная Альця, якая жыве ў Першамайскім раёне Мінску:

“У калідор выйшла спецыяліст па адраснай дапамозе, і так вось сказала людзям, якія сядзелі ў чарзе: хто сядзіць сюды па дапамогу, усе можаце не сядзець. А калі там сталі пытацца, калі будуць грошы, яна нічога не адказвала. У рэшце рэшт я з яе выбіла, што яна сказала, што грошы будуць у красавіку”.

Спадарыня Альця кажа, што мае поўнае права на адрасную дапамогу, таму што сёння яна прызнаная цалкам непрацаздольнай. Больш за ўсё нашую суразмоўцу абурыла не адсутнасць грошай, як гэта патлумачылі ў выканкаме, а тое, што там адмовіліся прыняць заяву:

“Ну, гэта ж зразумела, чаму не хочуць... Заяваў яны не бяруць. Атрымліваецца, што ўсё цудоўна, нікому гэтая дапамога не патрэбная, усё выдатна! Краіна квітнее”.

Еўрарадыё датэлефанавалася ва ўпраўленне сацыяльнай падтрымкі Першамайскага раёну. Там мажлівасць такіх выпадкаў адмовілі. Магчыма, кажуць, чалавек проста не даў усіх неабходных дакументаў:

“Куды яны хадзілі, гэтыя людзі? Што значыць не прынялі заяву? Каб прыняць заяву на назначэнне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, чалавек павінен падаць асноўны камплект дакументаў. Калі гэта звяртаецца сям’я, то павінны даць пашпарт, даведку аб заключэнні шлюбу, аб нараджэнні дзяцей, даходы за апошнія 3 месяцы… Калі ён іх даў, дакументы не ўзяць не маглі!”

Пры гэтым нам пацвердзілі, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць зваротаў зменшылася. Але колькасць тых, хто звярнуўся па дапамогу, назваць адмовіліся.

Усяго 11 чалавек з пачатку года афіцыйна звярнуліся па дапамогу ў Савецкім раёне Мінску. Гэта менш, чым у мінулым годзе. Але і грошай сёлета вылучылі ажно ў 2 разы менш!

Расказалі ва ўпраўленні па сацыяльнай падтрымцы Савецкага раёна:

“На гэты год у нас выдаткавалі 73 мільёны. Гэта менш, таму што летась у нас выдзялялася 146 мільёнаў 436 тысяч”.

У рэгіёнах Беларусі сёлета наплыў жадаючых атрымаць сацыяльную падтрымку таксама паменшыўся.  Але ў адрозненні ад сталіцы грошай на гэты год там выдзелілі больш. Так, як даведалася Еўрарадыё, па Пінскім раёне выдаткавалі амаль на 200 мільёнаў больш, чым летась.

Начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў Пухавіцкага райвыканкама Сяргей Яромін кажа, што сёлета, мяркуючы па ўсім, грошай павінна хапіць на ўсіх жадаючых:

“У гэтым годзе не такі вялікі ажыятаж. Спад у нас у гэтым плане, людзей няшмат. На дадзены момант у нас 59 чалавек звярнулася з заяўкамі на адрасную дапамогу. У нас летась было выкарыстана 402 мільёны рублёў, а сёлета па-мойму 456 мільёнаў у бюджэце запланавана на адрасную дапамогу.

Мы не можам быць упэўненыя загадзя, але ва ўсякім разе на дадзены момант, я думаю, мы не больш затрачваем грошай, чым нам выдзелена для таго, каб вырашыць гэтыя праблемы”.

Такім чынам, з сацыяльнай дапамогай можа атрымацца такі ж «фокус», як з беспрацоўнымі. І тыя і другія не пайдуць да дзяржавы толькі таму, што гэта бессэнсоўна.


Фота: photoclub.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі