"Беларусы вінаватыя перад Украінай" — спіч украінцаў з комплексам месіянства

Пратэсты ў Мінску, 2020 год / EPA
Пратэсты ў Мінску, 2020 год / EPA

Афіцыйны Кіеў не адказвае на заклік Святланы Ціханоўскай, у якім яна прапануе Уладзіміру Зяленскаму пабудаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю. Можа быць, украінскія чыноўнікі яшчэ ў роздумах, а можа, і проста ігнаруюць беларускі ўрад у выгнанні.

Пераходны кабінет апазіцыі не падтрымлівае ні Лукашэнку, ні расійскае ўварванне ва Украіну. Наадварот, робіць першы крок для таго, каб наладзіць адносіны з суседзямі. Чаму ў адказ цішыня?

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства

— Украіна не супрацоўнічае з Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі грамадска-палітычных сіл Беларусі таму, што не бачыць у гэтым для сябе ніякага сэнсу, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. — Ніякай карысці, новай падтрымкі і рэсурсаў, якія магла б прапанаваць Украіне Ціханоўская, Латушка і хто заўгодна. Уся падтрымка, якая аказваецца беларускім грамадствам, Байсолам, фондамі салідарнасці, добраахвотнікамі, тымі, хто данаціць УСУ, інфармацыйная дапамога — усё гэта і так ёсць. А рызыкі нейкага абвастрэння з Лукашэнкам, няхай і міфічныя, Украіна бачыць. Адпаведна, калі карысці няма, а рызыкі ёсць, то і няма сэнсу пачынаць.

Вядома, гэта максімальна прагматычны або цынічны падыход, называйце як хочаце. Мы бачым, што цяпер у сваёй знешняй палітыцы Украіна паступае абсалютна не каштоўнасна, а прагматычна. Гэта датычыцца не толькі Беларусі, але і, напрыклад, Кітая. У нядаўнім галасаванні Украіна не падтрымала рэзалюцыю ў ААН, якая датычыцца генацыду ўйгураў. Можна асуджаць такія паводзіны і казаць "як Украіна смее?". А можна казаць "мы разумеем, што ў часе вайны Украіна мае справы больш важныя, чым займацца пытаннямі беларусаў або ўйгураў". Але факт менавіта ў тым, што Украіна не бачыць для сябе сэнсу ў супрацоўніцтве з Ціханоўскай.

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства
Аляксей Арастовіч і Святлана Ціханоўская / прэс-служба Святланы Ціханоўскай

"Поўная лухта з комплексам месіянства"

А вось украінскія інфлюэнсеры і чыноўнікі не маўчаць і зусім не стрымліваюцца ў выразах датычна Беларусі.

"Ціханоўскую будуць выкарыстоўваць менавіта ў фармаце рэал-палітык. Ні на што большае яна не цягне. Рабіць на яе стаўку як на лідара смешна. Лідарам будзе вайсковец з Беларусі, якога мы прывядзём да ўлады", — гэта словы ўкраінскага журналіста Юрыя Раманенкі, які падахвоціўся вырашаць лёс іншай дзяржавы замест яе грамадзян. Як беларусам рэагаваць на гэта?

— Беларускаму грамадству ставіцца да такіх выказванняў трэба як да таго, чым гэтыя выказванні ёсць, — гэта значыць як да поўнай лухты з комплексам месіянства, — адказвае Вадзім Мажэйка. — Ва Украіне, як у Беларусі і ў іншых краінах, ёсць не вельмі разумныя людзі, якія мяркуюць, што могуць павучаць усіх навокал. Паводзіць сябе па-хамску, напышліва, не звязваючыся з рэальнасцю. Тое становішча, у якім цяпер знаходзіцца Украіна, — гэта калі, з аднаго боку, ты адчуваеш сябе ахвярай і ў той жа час — вялікім малайцом, таму што класна супраціўляешся. Вось і з'яўляюцца месіянскія комплексы ў людзей, схільных раздзімаць.

Мне здаецца, самае важнае тут — разумець, што тое, што сказаў Юрый Раманенка, гэта поўная лухта. З іншага боку, не трэба экстрапаляваць яго погляды на ўсё ўкраінскае грамадства. Дакладна гэтаксама, як мы ведаем, што ў Беларусі досыць прыдуркаватых хэйтараў у сацсетках, але разумеем, што гэта не ўсе беларусы. Не варта праз меркаванне некаторых недальнабачных і не вельмі разумных людзей дрэнна ставіцца да ўсяго ўкраінскага грамадства.

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства
Украінскі журналіст Юрый Раманенка / focus.ua

Зноў спрабуюць навязаць беларусам комплекс віны

"Беларусы да гэтага часу не зразумелі, што яны ўдзельнікі агрэсіі. З гэтага саўдзелу яны вінаватыя перад Украінай", — таксама піша Раманенка, распаўсюджваючы наратыў пра калектыўную віну, які ўжо нагнаў аскому.

— Па-першае, можна адказаць, што саўдзельнік агрэсіі — гэта рэжым Лукашэнкі, які нелегітымны і не прадстаўляе Беларусь і беларускае грамадства, — падкрэслівае Вадзім Мажэйка. — У 2020 годзе на выбарах і пасля іх беларусы цалкам прадэманстравалі гэтую розніцу.

Калі больш глабальна, то пачуццё віны і пачуццё адказнасці — Гэта розныя рэчы. Так, беларусы адчуваюць адказнасць за тое, што адбываецца. Таму ім не абыякавая сітуацыя. Таму яны данацяць УСУ, ідуць у добраахвотніцкія батальёны і ўсяляк аказваюць дапамогу. Пры гэтым зусім неабавязкова адчуваць віну. Віна бывае за тое, у чым ты быў вольны прыняць рашэнне. Нельга яе адчуваць за тое, на што ты не мог паўплываць. Беларусы спрабавалі паўплываць на рашэнні рэжыму Лукашэнкі, але не атрымалася.

Усе канцэпты калектыўнай віны, якія накладваюцца на нейкую сацыяльную групу, расу ці грамадства, — гэта таталітарная канцэпцыя. З ёй, напрыклад, дэпартавалі крымскіх татараў, таму што іх усіх разам лічылі вінаватымі ў калабарацыянізме. Гэта няправільны канцэпт, я супраць калектыўнай віны, і менавіта таму беларусы яе не адчуваюць.

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства
Мірная акцыя пратэсту ў Мінску, 2020 год / Максім Шыкунец

Бяляцкі не заслужыў Нобелеўку?

Нобелеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе ўзнагародзілі ўкраінскую арганізацыю "Цэнтр грамадзянскіх свабод", расійскае таварыства "Мемарыял" і беларускага праваабаронцу, заснавальніка цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Але афіцыйны Кіеў абрынуўся з крытыкай на такое рашэнне.

"У Нобелеўскага камітэта адназначна цікавае разуменне слова "мір", калі Нобелеўскую прэмію разам атрымліваюць прадстаўнікі дзвюх краін, якія напалі на трэцюю. Ні расійскія, ні беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне", — распаляецца дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

— Выказванне Падаляка, вядома, некампетэнтнае, галаслоўнае, — упэўнены Вадзім Мажэйка. — Без разумення таго, што рабіла "Вясна", у чым наогул роля праваабаронцаў. І што такое "праваабаронцы павінны былі арганізаваць супраціў вайне"? Сказаць, што Бяляцкі і "Вясна" мала зрабілі для Беларусі, — гэта зусім абсурдна. Тут, мне здаецца, характэрна тое, што "Цэнтр грамадзянскіх свабод", які таксама атрымаў Нобелеўку, якраз-такі шануе Бяляцкага. У Падаляка тут проста не вельмі кампетэнтнае палітызаванае выказванне. На жаль для яго, не першае і, мабыць, не апошняе.

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства
Міхаіл Падаляк / president.gov.ua

Хэйтспіч нельга апраўдаць

Ці можа быць так, што распальванне нянавісці да беларусаў у цяперашняй сітуацыі — гэта неабходны для Украіны дыскурс вайны? Калі ўкраінцам вельмі важна расчалавечыць (хай нават гіпатэтычнага) саперніка ў асобе беларусаў? Маўляў, заявы Падаляка, Раманенкі і іншых гучаць цяпер толькі для таго, каб украінцы не расслабляліся на паўночных межах і не ўспрымалі "братушкамі" тых, хто з дня на дзень можа ўварвацца ва Украіну на танках?

— Я не лічу, што можа быць апраўданым нагнятанне хэйту менавіта да грамадства па нацыянальнай прыкмеце. Гэта няправільна. Вінаваты канкрэтныя людзі за свае дзеянні або бяздзейнасць суразмерна таму, колькі пры гэтым у іх улады, — кажа Вадзім Мажэйка. — Мне здаецца, усё, што мы зараз бачым, — шмат у чым не прэтэнзія да Украіны ці беларусаў. Гэта прыклад таго, наколькі жахлівая вайна. І не толькі тым, што гінуць людзі. Яна страшная і тым, што разбурае нашу агульную культуру, цывілізаванасць. Разбурае разуменне таго, што ў прыярытэце павінны быць правы чалавека, а не сярэднявечнае ўскладанне калектыўнай віны.

Для мяне ўся гэтая гісторыя не пра тое, хто вінаваты. Вінаваты пуцінскі рэжым, тыя, хто развязаў вайну. Паводзіны ўкраінцаў часта могуць не падабацца, але гэта не адмяняе таго, што асабіста я на іх баку. І не таму, што яны "коцікі", а таму, што яны сапраўды маюць рацыю і абараняюць сваю зямлю. Важна не патураць расійскай прапагандзе, не распальваць міжнацыянальнай нянавісці і таксама не ўскладаць калектыўную віну на ўкраінцаў праз выказванні асобных людзей, — падсумоўвае аналітык.

“Белорусы виноваты перед Украиной” — спич украинцев с комплексом мессианства
Марк Фейгін і Аляксей Арастовіч у часе стрыму “ФЕЙГИН LIVE” / “ФЕЙГИН LIVE”

11 кастрычніка дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч прызнаў, што ўкраінцы дапусцілі шэраг вельмі сур'ёзных памылак у дачыненні да Беларусі, якія яшчэ не позна выправіць.

— Беларусы сапраўды знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як нашы на акупаваных тэрыторыях, — кажа Арастовіч у эфіры "ФЕЙГИН LIVE". — Вы ж [украінцы] не заклікаеце нашых да масавага паўстання... Гэта могуць зрабіць толькі спецыяльна падрыхтаваныя людзі, з дзяржаўнай падтрымкай, якую мы аказваем нашым партызанам. А ў Беларусі гэта — невырашальная задача пакуль яшчэ. Ім няма адкуль узяць гэтую падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі