Арастовіч прызнаў памылку уладаў Украіны ў беларускім пытанні
Аляксей Арастовіч / unian.ua
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч на YouTube-канале "Фейгин LIVE" прызнаў памылку уладаў Украіны ў беларускім пытанні. "У нас узяло верх [меркаванне] некаторых недальнабачных і не вельмі разумных крыкуноў, — кажа ён. — ...І вельмі неразумна паступілі ў дачыненні да беларусаў: раз з вашай тэрыторыі страляюць, вы ўсе нам вечна вінаватыя, вы ўсе нягоднікі, сволачы... Што там нечалавечы рэжым, што ў чымсьці ён больш бесчалавечны, чым пуцінскі — больш жорсткі, больш эфектыўна кантралюе Беларусь, высунуцца там супраць — гэта адразу стаць мішэнню... Беларускі народ знаходзіцца ў закладніках".
Арастовіч нагадвае, што ў нашай краіне "тысячы людзей прайшлі праз турмы, тысячы жыццяў, тысячы лёсаў скалечаныя". Ён кажа, што "трэба вырашыць — аддзяліць рэжым ад народа". Менавіта гэта працяглы час тлумачаць Кіеву прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху, нядаўна пра гэта яшчэ раз нагадала ў звароце да Уладзіміра Зяленскага Святлана Ціханоўская. Яе Аляксей Арастовіч назваў "законна абраным прэзідэнтам". Ён нагадаў, што ўлады Украіны не прызналі Аляксандра Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам. "Але ў нас і па Ціханоўскай любяць прайсціся асобныя прыдуркі", — кажа дарадца.
"Мы дапусцілі шэраг вельмі сурʼёзных памылак у дачыненні да Беларусі. Яшчэ не позна іх выправіць", — заявіў Арастовіч. Ён нагадаў пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, назваў іх "супер-хлопцамі".
"Беларусы сапраўды знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як нашы на акупаваных тэрыторыях, — тлумачыць Аляксей Арастовіч украінцам. — Вы ж не заклікаеце нашых да масавага паўстання... Гэта могуць зрабіць толькі спецыяльна падрыхтаваныя людзі, з дзяржаўнай падтрымкай, якую мы даем нашым партызанам. А ў Беларусі гэта — невырашальная задача пакуль яшчэ. Ім няма адкуль узяць гэтую падтрымку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.