Беларусы здымуць рэаліці-шоў у стылі love story на радзіме Рамэо і Джульеты
На ўдзел у тэле-шоў, дзе "не будзе ніякай пошласці, але павінна прысутнічаць сексуальнасць”, дзяўчат прэтэндуе ў 5 разоў больш, чым хлопцаў
Пакуль айчыннае рэаліці-шоў з нечаканай для “love story” назвай “Аўтобус” знаходзіцца ў стадыі адбору ўдзельнікаў. Іх па выніку кастынгу павінна быць 40 чалавек – 20 дзяўчат і 20 хлопцаў. Гэтая лічба, маршрут “Аўтобуса”, які будзе прыз пары-пераможцы і імёны прадзюсара і супрадзюсара вось і ўсё, што пакуль дакладна вядома пра анансаванае рэаліці-шоў. А, яшчэ тое, што ў адрозненне ад іншых шоў у стылі “love story”, беларускі варыянт не прадугледжвае ніякай “пошласці і скандальнасці”. Хоць удзельнікі, для таго, каб выйграць і атрымаць прыз, павінны “знайсці сваю палову і разам прайсці шэраг выпрабаванняў і конкурсаў”.
“У выніку сумеснага выканання гэтых выпрабаванняў і заданняў будуць вызначаныя пары, якія выйшлі ў фінал, -- распавядае прадзюсар праекту Уладзіслаў Савін. – А пераможца шоў у фінале атрымлівае падарунак ад прадзюсараў – ён ляціць на Мальдзівы разам са сваёй паловай, якую ён сустрэў на шоў. Палова гэтая не павінна быць яго каханнем – гэта можа быць проста сяброўская пара. Людзі, якім цікава разам было вандраваць, разам удзельнічаць у конкурсах і якім цікава будзе разам адпачыць”.
Уладзіслаў Савін
Ідэя “Аўтобуса” – аб’яднаць “праграму аб вандроўках па прыгожых мясцінах Еўропы” і шоў ў стылі “love story”, каб назіраць “за развіццём сяброўскіх і цёплых стасункаў паміж людзьмі цягам вандроўкі”. Маршрут якой на двухпавярховым аўтобусе і сапраўды зайздросны: Вена-Верона-Венецыя-Мілан-Лугана-Цюрых-Канстанц-Прага. Каб патрапіць у “Аўтобус”, жадаючы павінен прайсці два этапы: пакінуць заяўку і кароткае рэзюме пра сябе на сайце рэаліці-шоў і прайсці кастынг падчас асабістай сустрэчы з прадзюсарам. І тут нечакана…
Уладзіслаў Савін: “І тут у цябе ёсць адна-дзве-тры хвіліны, дзе ты падчас сустрэчы з абсалютна незнаёмым табе чалавекам павінен раскрыць увесь свой жыццёвы вопыт, веды, паказаць сваё абаянне і сэксуальнасць. Бо сэксуальнасць мае вялізнае значэнне: калі ты сэксуальны – табе аказвае ўвагу супрацьлеглы пол. Калі ты не сэксуальны, калі ты не разумееш, што такое сэксуальная энергія, калі ты не навучыўся яе субліміраваць – значыцца ты не цікавы”.
Еўрарадыё: “Значыцца, тэма сэксуальнасці, калі не сэксу, у праекце ўсё ж прысутнічае?!”
“Калі пытанне сэксу і стаіць, то толькі ў кантэксце шарму! – Далучаецца да размовы супрадзюсар праекту Інга Хрушчова. – Бо ёсць людзі з шармам і харызмай – да іх цягнуцца людзі, яны могуць уразіць адразу, як толькі недзе з’яўляюцца. А ёсць людзі “шэранькія”, якім нічога асаблівага не трэба. А хочацца сабраць цікавых людзей, паказаць, што ў Беларусі яны ёсць”.
Мая размова з Уладзіславам і Інгай адбывалася за некалькі хвілін да пачатку чарговага кастынгу, падчас якога і адбіралі сярод прэтэндэнтаў “цікавых людзей з сэксуальным шармам”. Адметны момант: заявак ад дзяўчат, што пажадалі выправіцца на радзіму Рамэо і Джульеты і знайсці сваю “палову”, прадзюсары атрымалі звыш 150, а ад хлопцаў – толькі 30. Цікавасць прадзюсараў выклікалі і запрашэнне на кастынг атрымалі 25 дзяўчат і 10 хлопцаў. На сустрэчы ў адным з мінскіх бараў перад імі стаяла задача даказаць, што менавіта яны – тыя, без каго аўтобусная “love story”-вандроўка не можа адбыцца.
Першымі ішлі дзяўчаты. Рознага ўзросты, з розных гарадоў, з розным узроўнем раскаванасці і “сексуальнага шарму”. Але ўсе – з прагай да вандровак і амаль усе – з вопытам ўдзелу ў розных кастынгах ды конкурсах і жаданнем, хаця б на словах, знайсці сваю “палову” падчас гэтага шасцідзённага праекту. Праўда, былі і нечаканыя выключэнні.
“Я сюды прыйшла са сваім хлопцам і спадзяюся, што мы паедзем у ванроўку разам – як муж і жонка. Але калі ён у праект не пройдзе, то і я не паеду!” – Катэгарычна заяўляе адна з прэтэндэнтак у самым пачатку знаёмства. Па выніку размовы з прадзюсарам так і атрымалася – не паедзе. Бо “пары павінны фармавацца падчас паездкі” – галоўная ўмова.
Людзі сабраліся, безумоўна, вельмі розныя. “Мне 45 гадоў, я індывідуальны прадпрымальнік, гандлюю навагоднімі ўпрыгожаннямі, а калі не сезон, то я вандрую, вывучаю мовы – вось, да наступнага сезону ў мяне час ёсць”, “Мне 33 гады і ўсё, што я раблю – для атрымання новых уражанняў і задавальнення”, “Я з Горак, мне вельмі спадабалася ідэя вашага шоў і я мару патрапіць у Еўропу – за мяжой я не была ні разу”, “Юля, мне 22 гады, я спецыяліст па працы з кліентамі, люблю знаёміцца з людзьмі і такі экстрым, як скачкі з розных будынкаў на вяроўцы. Вось, вырашыла паспрабаваць і такі экстрым”…
Пасля агульнай сустрэчы дзяўчаты ідуць на індывідуальную размову з Уладзіславам, а на змену для агульнага знаёмства прыходзяць прадстаўнікі мужчынскай паловы. І тут тая ж розніца ўзростаў і прычын паўдзельнічаць. Праўда, з адным выключэннем: хлопцы пачынаюць канкурыраваць ужо на гэтым этапе.
“Займаўся танцамі для сябе і троху умею гэта рабіць”, “А я, прашу адзначыць, дыпламаваны танцор!”, “Удзельнічаў у кастынгу на “Дом-2”, але на апошнім этапе не прайшоў”, “А я прайшоў і атрымаў запрашэнне, але ехаць адмовіўся: там скандалы пастаянныя, а я чалавек не скандальны”, “Здымаўся ў рэкламе мабільнага аператара – я там спаў у тралейбусе”, “Што яго браць – ён і ў “Аўтобусе” будзе ўвесь час спаць!” і гэтак далей. “Парадаваў” студэнт з Нігерыі, які на пытанне, чаму вырашыў падаць заяўку на ўдзел у шоў, адказвае шчыра: “П’яны быў, калі мне гэта паказалі!”
Карацей, кожны з прэтэндэнтаў імкнуўся прэзентаваць сябе з лепшага, як ім падавалася, для прадзюсараў боку: нехта спяваў, нехта хваліўся кулінарнымі здольнасцямі, нехта -- спартовымі дасягненнямі ці поспехамі ў біснесе, нехта казаў пра сваю вядомасць у сацсетках. Не скажу, наколькі сур’ёзна яны сапраўды плануюць падчас паездкі, конкурсаў ды выпрабаванняў знайсці сваю палову ("Калі нехта не здолеў зрабіць гэтага ў звысайным жыцці, то як гэта магчыма ха 6 дзён у дарозе?!"-- шчыра здзіўляецца адзін з прэтэндэнтаў), але было відавочнае іх жаданне і павандраваць па Еўропе, і стаць героем тэлевізійнага шоў, і атрымаць у якасці прызу адпачынак на Мальдзівах. А магчыма, і нешта большае – чаго ў жыцці не бывае! Адзінае, пакуль імёны тых, хто атрымаў месца ў “Аўтобусе”, не называюць. У сакрэце трымаюць і сцэнар шоў. Магчыма, не беспадстаўна, бо на кастынг прыйшоў хлопец, які шчыра прызнаецца: “Сябры з Расіі, якія ладзяць такога плану рэаліці-шоў, папрасілі прыйсці і паглядзець – што тут у вас і як”…
Па словах Інгі Хрушчовай цікавасць да ўдзелу ў праекце выказваюць прэтэндэнты з Украіны, Расіі, Грузіі і Арменіі. Калі іх рэзюме зацікавіць арганізатараў, з імі правядуць скайп-кастынг. Шоў будзе здымацца, але на якім канале і якой краіны яго пакажуць яшчэ не вырашана – вядуцца перамовы. На пытанне, колькі каштуе праект, Уладзіслаў Савін адказу не дае. Шмат, кажа будзе залежыць ад розных фактараў: з гатэлямі ў Еўропе вядуцца перамовы, аўтобус не замоўлены, яшчэ шукаюцца спонсары, няма кантракту з тэлеканалам. Дарэчы, частку грошай, 399 еўра, мусяць унесці самі ўдзельнікі – гэта прапісана ва ўмовах і ўсе прэтэндэнты на гэта згодныя.
Падрыхтоўка да шоў распачалася на пачатку сакавіка, і па плане выезд “Аўтобуса” прызначаны на 29 красавіка. Прадзюсары адразу папярэджваюць, што магчымая затрымка. Напрыклад, нехта з удзельнікаў не атрымае візу, ці яшчэ што. Тым не менш, наперадзе яшчэ тры кастынгі – 15 сакавіка ён пройдзе ў Віцебску. І калі ўжо казаць пра складанасці і непрыемныя нечаканасці, то пакуль прадзюсараў ставіць у тупік адно пытанне: “Чаму цікавасць да ўдзелу ў “love story”-вандроўцы ў дзяўчат у 5 разоў большая, чым у хлопцаў?”
Фота: Еўрарадыё