Белэнерга: Лукашэнку проста няправільна праінфармавалі!

Не праходзіць і двух месяцаў, з моманту калі кіраўнік дзяржавы абураецца непразрыстасцю коштаў на электраэнергію, як тарыф на электрычнасць даражэе яшчэ на 16%! 
 
Гэта пасля такіх словаў Лукашэнкі: “Вы душыце насельніцтва, душыце прадпрыемствы, вы прыходзіце да мяне і пастаянна просіце, і патрабуеце падняць тарыфы. Я кажу, падлічыце мне жывы тарыф там і там. У мяне поўнай яснасці няма. Кажуць, трэба 60% выдаткаў, а я скажу, што і 70% ёсць! Вось я так падлічыў”.
 
І як даведалася Еўрарадыё, кошты на святло будуць падымацца і далей, бо беларусы недаплачваюць за святло нават пасля гэтага чэрвеньскага падаражання.
 
У Мінэнерга як толькі чуюць пытанне Еўрарадыё пра незадаволенасць кіраўніка дзяржавы, адразу адсылаюць да Белэнерга. А ў Белэнерга адразу шакуюць: ужо наступнае падаражанне не за гарамі:
 
“Так, і яшчэ будзе падымацца. Думаю, у наступным паўгоддзі. Таму што тарыфы для насельніцтва не пакрываюць выдаткі на выраб кілават-гадзіны. Да гэтага падаражання насельніцтва пакрывала 42%, а мы імкнёмся да 100%”.
 
У Белэнерга маю занепакоенасць ростам тарыфаў шчыра не разумеюць.
 
“А чаму вы гэтак непакоіцеся ростам тарыфаў? Нядаўна на праезд адразу на 300 рублёў падняліся кошты і ўсе маўчаць — праглынулі! А ў нас толькі на 80 рублёў падняліся, гэта меней за 1% вашых заробкаў!” — даводзяць яны мне сваю логіку.
 
Нагадваю, пра кіраўніка дзяржавы, як жа яго словы пра празрыстасць разлікаў? Аказваецца, Лукашэнку… няправільна праінфармавалі.
 
“Мінулае кіраўніцтва не магло данесці праблему, што энергетыкі стаяць на шляху краху, эканамічнага краху. Мы ў крызісе. У нас нават заробак на ўзроўні 4-5 мільёнаў рублёў. Але і тарыфы ад нас не залежаць — гэтым займаецца ўрад і Мінэканомікі. Ўсе бачаць ўсё: у нас празрыстыя разлікі на святло. Сюды ўключаны кошт сыравіны, падатак на дадатковы кошт і невялікая частка заробку. Працуем без прыбылі, ўсе нашы прадпрыемствы планава стратныя!”.
 
У Дэпартаменце коштавай палітыкі Мінэканомікі, які распрацоўвае тарыфы на электрычнасць для юрыдычных асоб, кажуць, што ўсё Лукашэнку пра кошты патлумачылі. І спакойна паўтараюць: тарыф будзе расці, як і раней з дазволу… кіраўніка дзяржавы.
 
“Вось яму расказалі і паказалі, што мы пакрываем цяпер ўзровень 30% ад кошту выдаткаў. Будзе падымацца кошт і далей. Любую лічбу зацвярджае Саўмін па ўзгадненні з Лукашэнкам. І яго (Лукашэнку – заўвага Еўрарадыё) пераканалі, што выдаткі ў энергетыкаў значна вышэйшыя, а насельніцтва наша не плаціць і не эканоміць”.
 
Атрымліваецца, Белэнерга лічыць, што мы пакрываем выдаткаў на 42%, а Мінэканомікі — 30%. З якой лічбай пагадзіўся Лукашэнка — невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі