БЕЛСАТ будзе паказваць трылеры, мульцікі і ток-шоў

10 снежня беларускі спадарожнікавы тэлеканал БЕЛСАТ пачынае вяшчанне, але пакуль толькі тэставае. Кансультант БЕЛСАТа Сяргей Кручкоў расказвае Еўрарадыё, што спачатку ў эфір з’явіцца арыгінальная гадзіна вяшчання, з 18 гадзін да 19, якая будзе паўтарацца на працягу чатырох гадзін. І толькі з 1 студзеня тэлеканал выйдзе на поўнае вяшчанне – 16 гадзін. БЕЛСАТ плануе паказваць мастацкія фільмы, серыялы, сацыяльна-эканамічнае ток-шоў. Распрацоўваецца шмат моладзевых музычных праграм. Як запэўніў Еўрарадыё Сяргей Кручкоў, гэта не будуць перадачы лёгкага плана, падобныя да тых, што ідуць на MTV і МузТВ, а больш сур’ёзныя: акрамя музыкі — аналітыка і разважанні музыкаў і вядучага.
Увойдуць у сетку вяшчання нават серыялы, але адбор будзе даволі суровы – ніякіх мыльных опер.

Сяргей Кручкоў: Мексіканскіх, на шчасце, не будзе, таму гэта нас таксама радуе. Будуць серыялы дэтэктыўныя, нейкія сямейныя серыялы. Ішла гаворка пра польскія, амерыканскія і еўрапейскія серыялы. Наколькі гэта атрымаецца ў нашых польскіх сяброў — паглядзім.

Зараз для БЕЛСАТа перакладаецца польскі дэтэктыўны серыял. Праграмны дырэктар БЕЛСАТа Яраслаў Каменскі кажа Еўрарадыё, што на канале будуць трылеры, баевікі, а таксама тыя фільмы, якія не паказвалі дзяржаўныя каналы. Напрыклад, чэшскае кіно. Па словах праграмнага дырэктара, канал робіць стаўку на якасныя дакументальныя фільмы, якія сам здымае. Плануецца, што два-тры фільмы абавязкова будуць выстаўляцца на фестывалях ва ўсіх краінах свету.

Яшчэ адна рэйтынгавая праграма — ток-шоў “Форум”, якое будзе выходзіць раз на тыдзень.

Яраслаў Каменскі: Аднымі з першых тэм для абмеркавання ў студыі стануць” Гісторыя Беларусі”, “Заставацца маладым людзям на радзіме ці ехаць на Захад” і “Каму належыць Беларусь: Захаду ці Расіі”. На мінулым тыдні ўжо запісалі ў Вільні некалькі праграм .

Зараз ідзе праца над запісам святочнага навагодняга музычнага канцэрта, у якім прымаюць удзел беларускія музыкі. Як адзначае Яраслаў Каменскі ў інтэрв’ю Еўрарадыё, у першыя дні студзеня на экране будуць пераважна музыка, мульцікі, анімацыйныя праграмы. Яшчэ адна фішка – “Сям’я Бульбанаў” , якая пражывае тое, што і звычайная беларуская сям’я. Разам з імі гледачы сустрэнуць Новы год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі