Больш за 200 медыкаў Віцебска падпісаліся пад лістом за новыя выбары
Медыкі Віцебска падпісваюцца пад лістом з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі ў краіне і правесці новыя прэзідэнцкія выбары, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Свае подпісы пад адкрытым зваротам пакінулі ўжо 236 медыцынскіх работнікаў — з Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, а таксама шэрагу іншых устаноў аховы здароўя Віцебска.
Медыкі не прызнаюць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў і патрабуюць правесці новыя — сумленныя, празрыстыя, з прысутнасцю назіральнікаў. Таксама яны патрабуюць цалкам абнавіць склад ЦВК і іншых выбарчых камісіяў. Сярод іншых патрабаванняў — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і зняць з іх абвінавачанні, прыцягнуць да адказнасці сілавікоў, вінаватых у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а таксама тых, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыях на выбарах.
Два пункты патрабаванняў датычаць непасрэдна пацярпелых медыкаў:
"Неадкладна зняць усе абвінавачванні з затрыманых падчас мірных акцый пратэсту медыцынскіх работнікаў, поўная іх рэабілітацыя і прыцягненне да адказнасці асоб, якія затрымлівалі і ўжывалі фізічны і псіхалагічны гвалт над медыцынскімі работнікамі ў парушэнне Жэнеўскай канвенцыі.
Спыніць любыя пераследы альтэрнатыўных меркаванняў і выказванняў, а таксама пагрозы і запалохванне медыцынскіх работнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэсту".
Дарэчы, 13 жніўня віцебскія медыкі правялі акцыю супраць гвалту. Яна адбылася непадалёк ад абласной бальніцы. У ёй удзельнічалі больш за трыста чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.