Болтан пасля звальнення раскрытыкаваў знешнюю палітыку Трампа
Reuters
Экс-дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан назваў на закрытай сустрэчы 19 верасня галоўныя памылкі амерыканскага лідэра ў знешняй палітыцы. Як піша вашынгтонскае выданне Politico, пад крытыку падпала запрашэнне Трампам прадстаўнікоў "Талібану" ў Кэмп-Дэвід і адносіны ЗША з Іранам і КНДР.
Запрашэнне "Талібану", прызнанага ў многіх краінах тэрарыстычнай арганізацыяй, Болтан назваў непавагай да памяці ахвяр тэракту 11 верасня 2001 года. Наконт КНДР і Ірана былы дарадца Трампа сказаў, што гэтыя краіны не робяць рэальных крокаў, а хочуць толькі весці перамовы аб вызваленні ад эканамічных санкцый, каб застацца на плаву.
Пра тое, ці казаў Болтан што-небудзь пра Беларусь, не паведамляецца.
Як перадавала Еўрарадыё, Трамп звольніў Болтана па заканчэнні яго турнэ па Ўсходняй Еўропе, у тым ліку візіту ў Беларусь. У Мінску Болтан дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам пачаць адносіны Беларусі і ЗША з чыстага ліста. А ўжо праз некалькі дзён падчас візіту ў Беларусь намесніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Хейла Мінск і Вашынгтон абвясцілі аб вяртанні паслоў.