BosaeSonca прэзентуе новы сінгл "Бывай" (+відэа)
Жывая прэм'ера трэка адбудзецца 27 красавіка падчас вялікага сольнага канцэрта гурта ў клубе Tarantino.
Аўтары "Лепшага беларускамоўнага альбома-2013" па версіі ўзнагародаў Experty.by, гурт "Босае Сонца" прэзентуе новы сінгл "Бывай".
Пачатак песні быў напісаны лідарам калектыву Алесем Катом-Зайцавым пад уражаннем ад таго, як шэраг яго сяброў, у тым ліку, калега па BosaeSonca баяніст Алесь Ясінскі, з’ехалі за мяжу — вучыцца, працаваць ці ў пошуках лепшага жыцця.
"На той момант я думаў, што, ну ўсё, вось у такім выглядзе гэты трэк і застанецца, — распавядае Алесь. — Але жыццё неяк расставіла ўсё на свае месцы, і я ўбачыў, што ёсць свае пазітыўныя моманты нават у такой сітуацыі, калі блізкія табе людзі аказваюцца недзе далёка. Убачыў, што нічога тут няма страшнага, і такога кшталту перамены — гэта рух, без якога жыццё было б тупой стабільнасцю".
У выніку песня атрымала "нясумны" працяг, а Алесь Ясінскі напісаў для яе прыгожыя партытуры для струнных. Відэа ў кнігарні "ЛогвінаЎ" зняў Сяргей Дрэваль.
27 красавіка BosaeSonca на сольным канцэрце ў клубе Tarantino (адваротны бок КЗ "Мінск") пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" прэзентуе вялікую акустычную праграму са струнным трыа. Падчас выступу прагучыць арыгінальны варыянт альбома "Адпусці" — у тым жа выглядзе і тым жа складзе. Да таго ж, абяцае Алесь, слухачы пачуюць некалькі песень з "залатой" пласцінкі, новую кампазіцыю і дуэт з Палінай Рэспублікай.
Квіткі: танцпол — 80 тыс. (папярэдне ў касах Kvitki.by — http://www.kvitki.by/ru/cashiers/23), 100 тыс. у дзень канцэрта; столікі — 120 тыс. (у клубе). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (адваротны бок КЗ "Мінск"). Даведка: 377 80 00 (Velcom, MТС). Пачатак у 19.00.