Rock Profi аб'явілі намінантаў
Пераможцы беларускай прафесійнай музычнай прэміі па выніках 2013 года будуць аб'яўленыя 24 красавіка.
Тры калектывы, "Петля Пристрастия", BosaeSonca i Pafnutiy’s Dreams, прэтэндуюць на перамогу ў намінацыях "Лепшы альбом" і "Лепшы запіс". "Пятля" таксама прадстаўленая ў катэгорыі "Лепшая песня", гурты Bosae Sonca i Pafnutiy’s Dreams пазмагаюцца ў катэгорыі "Дэбют года".
"Вядома, будзе прыемна, калі раптам гурт будзе адзначаны, — каментуе намінацыі лідар "Петли Пристрастия" Ілля Чарапко-Самахвалаў. — Гэта будзе добрая нагода для таго, каб самасцвердзіцца яшчэ больш. І ўвогуле, мне падаецца, што падобнага кшталту прэміі - гэта нармальнае жыццё гурта, неабходны атрыбут жыццядзейнасці рок-музыкі".
Сярод іншых намінантаў на Rock Profi — Pukstband, "Ляпис Трубецкой", "Серебряная свадьба", The Toobes і Akute.
Нагадаем, прэмія Rock Profi вызначае пераможцаў па выніках галасавання музыкаў. На днях быў аб'яўлены першы пераможца. Прыз ў намінацыі "За ўнёсак" атрымае гурт "Крама". Арганізатары Rock Profi — студыя "Осмас" і сайт Experty.by.