Брат хлопца, які загінуў у час пратэстаў: Версія пра самагубства — плявок у вочы
Брат Мікіты Крыўцова з 2016 года жыве ва Украіне і не можа вярнуцца ў Беларусь. У дзень пахавання Мікіты Павел Крыўцоў запісаў зварот да неабыякавых беларусаў.
"Следчы камітэт кажа, што Мікіта здзейсніў самагубства — нібыта праз развод з жонкай. Але я добра ведаю брата. Ён вельмі любіў сваю сям'ю і хаця б дзеля іх не рабіў бы такога, — распавёў Павел Крыўцоў. — Версія пра самагубства — гэта плявок у вочы нашай сям'і і ўсяму беларускаму народу. Я не ведаю ўсіх абставін, але я ўпэўнены, што мой брат трапіў у рукі карнікаў. Яны не змаглі зламіць яго волю і забілі яго да смерці. Людзі, якія гэта зрабілі, не мусяць застацца без пакарання".
Мікіта Крыўцоў знік у Мінску 12 жніўня. У той дзень працягваліся вулічныя пратэсты — мяркуецца, што хлопец удзельнічаў у іх і быў затрыманы. Сваякі Крыўцова не вераць у версію следства, якое сцвярджае, што ён скончыў жыццё самагубствам. Яны патрабуюць завесці крымінальную справу па факце забойства.
25 жніўня Мікіту Крыўцова хаваюць на радзіме ў Маладзечне. Труна з целам Мікіты Крыўцова закрытая, таму што цела ў жахлівым стане. Труну накрылі бел-чырвона-белым сцягам. На вуліцы ля дзвярэй рытуальнай залы яе сустракае каля 300 чалавек. На цырымонію прыйшлі сваякі і сябры хлопца. Шмат футбольных фанатаў — Крыўцоў хварэў за ФК "Маладзечна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.