Brutto і Сяргей Міхалок выканалі абяцанне і сустрэліся з Naviband

Сергей Михалок и Brutto выполнили обещание и встретились с Naviband

У суботу 18 лютага на рэпетыцыйнай кропцы Brutto адбылася сустрэча каманды Сяргея Міхалка і гурта Naviband. Міхалок падарыў удзельнікам сёлетняга "Еўрабачання" гітару гродзенскага майстра Андрэя Кібіні.


"Мне гітара вельмі спадабалася па гуку, я быў вельмі здзіўленны, што ў нас у Беларусі ёсць чалавек, які можа вырабляць інструменты сусветнага ўзроўню", — кажа Арцём Лук'яненка ў размове з Еўрарадыё.


"Наві" пачаставалі Brutto нізкакаларыйным хлебам з гарбузовымі семкамі, які спякла маці Ксеніі Жук. Музыкі пілі гарбату з тортамі без цукру, на якіх было напісана Naviband і Brutto.


"Мы хваляваліся, канечне, — ўзгадвае Арцём Лук'яненка моманты сустрэчы. — Міхалок — такі, якім мы яго ўяўлялі: моцны духам і фізічна. Ён сказаў, што яму вельмі спадабалася наша песня, наш вобраз і тое, што мы ўвогуле робім. Таму яны вырашылі нас падтрымаць".  

 

Фота з instagram фатографа Паўла Паташнікава

Ці будзе Арцём граць на новай гітары падчас выступлення на "Еўрабачанні" у траўні, казаць не бярэцца. Маўляў, яшчэ не вядома, якім будзе нумар Naviband і ці патрэбна там будзе гітара ўвогуле. Але, кажа музыка, з Brutto яны дамовіліся быць на сувязі і падтрымліваць адно аднога пры неабходнасці.


22 красавіка Naviband дадуць акустычны канцэрт на сцэне Палацу прафсаюзаў.


"Лірычны і інтымны, — кажуць музыкі. — Каб людзі маглі прыйсці, пасядзець і паслухаць".

Brutto выступяць з вялікім канцэртам у "Мінск-Арэне" 8 сакавіка. 


"Еўрабачанне-2017" пройдзе ў траўні ў Кіеве. Другі паўфінал, у якім выступяць нашы музыкі, адбудзецца 11 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі