#бяспечныlive: тут праходзяць канцэрты, адмененыя праз каранавірус
Гурт :B:N: / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
Увечары 18 сакавіка Еўрарадыё і "Арт Сядзіба" правялі першы з серыі анлайн-канцэртаў "Бяспечны LIVE". З 20:30 да 21:30 па мінскім часе ў нашай студыі ігралі :B:N:. Паглядзець канцэрт можна было на сайце Еўрарадыё, на YouTube і ў "Фэйсбуку".
— Мы пагадзіліся на акустычны канцэрт анлайн, таму што, напрыклад, мая сліна не будзе ляцець на слухачоў. І вам не трэба будзе праціраць экраны сваіх манітораў... туалетнай паперай! — ледзь пачынаецца канцэрт, жартуюць з каранавіруснага ажыятажу музыканты.
Музыкант Юзары, які апынуўся сярод гледачоў анлайн-канцэрта, заўважае, што яму вельмі падабаецца такі фармат. Маўляў, добра, што мы хоць бы так можам збірацца ў гэты няпросты час.
— Ці не страшна жыць у Шабанах? — цікавяцца фанаты ў Алеся Лютыча. Лідар :B:N: адказвае, што пасля Бярозы, адкуль ён родам, у Шабанах ні кропелькі не страшна.
Хтосьці піша, што ў Лютыча новая кепачка.
— Я адрошчваю валасы, і цяпер там пад кепкай такое, што здымаць я яе дакладна не буду, — адклікаецца музыкант.
Людзі пішуць, што танцаваць пад :B:N: можна і дома: "Ніякі каранцін не перашкода, можна працягваць працаваць і ў такім фармаце". У рэальным часе канцэрт слухала больш за 1000 чалавек.
Праз каранавірус адменены дзясяткі канцэртаў па ўсёй Беларусі. Мы прыдумалі праект "Бяспечны LIVE", каб у цяжкія часы каранціну і самаізаляцыі вы не сумавалі вечарамі.
Анлайн-канцэрты са студыі Еўрарадыё будуць транслявацца кожны тыдзень. Зусім хутка мы напішам, хто стане нашым госцем наступны раз. Сачыце за навінамі, глядзіце жывыя ўключэнні, каментуйце, задавайце пытанні і дзяліцеся ўражаннямі ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #бяспечныlive. Каранавірус не пакіне нас без канцэртаў!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.