Бязвіз з абмежаваннямі: хто і чаму не пускае грамадзян Грузіі ў Еўропу

Міжнародны аэрапорт Кутаісі, адкуль лятаюць бюджэтныя авіякампаніі, стаў галоўнымі варотамі ў Еўропу для грамадзян Грузіі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews​
Міжнародны аэрапорт Кутаісі, адкуль лятаюць бюджэтныя авіякампаніі, стаў галоўнымі варотамі ў Еўропу для грамадзян Грузіі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews​

З 2017 года грамадзяне Грузіі карыстаюцца магчымасцю бязвізавых паездак у Шэнгенскую зону. Гэта вельмі аблягчыла жыхарам краіны як адпачынак, так і дзелавыя падарожжы. Але пачынаючы з вясны 2019 года тыя, хто хоча выехаць у Еўропу без віз, пачалі сутыкацца з новымі нефармальнымі перашкодамі, якія сталі для іх поўнай нечаканасцю. У апошні час некаторым грамадзянам Грузіі адмовілі нават у праве на выезд з краіны, піша JAMnews.

"Здзек і прыніжэнні"

Пасля адкрыцця бязвізавага рэжыму папулярнасць паездак у Еўропу ў Грузіі адразу ж узрасла. Улічваючы тое, што з аэрапорта Кутаісі бюджэтныя авіярэйсы ў Еўропу выконваюцца практычна штодня, паездку на тры-чатыры дні ў любы еўрапейскі горад могуць дазволіць сабе практычна ўсе, хто мае працу і хоць нейкі прыбытак.

І грамадзяне Грузіі пачалі гэтай магчымасцю актыўна карыстацца. У "Фэйсбуку" з'явіліся спецыяльныя суполкі, якія налічваюць ужо сотні тысяч карыстальнікаў, якія абменьваюцца адзін з адным досведам бюджэтных падарожжаў. Аднак з вясны мінулага года адзін за адным у суполках сталі з'яўляцца трывожныя пасты, у якіх карыстальнікі расказвалі, што ў аэрапорце Кутаісі з'явіліся памежнікі з краін Еўрасаюза, якія не пускалі іх на рэйс з розных прычын. І ўсё гэта — пры поўным маўчанні ўладаў.

"Многіх людзей у Кутаіскім аэрапорце завярнулі назад. Там стаіць іспанскі памежнік і вырашае ў нас, у Грузіі, ці магу я пакінуць краіну, — піша адзін з карыстальнікаў 13 ліпеня. — Хіба Іспанія паставіць грузінскага памежніка ў Барселоне, каб ён не пускаў іспанцаў у Грузію?.. Такога прыніжэння і здзеку з людзей я яшчэ не бачыў".

Хоць некаторыя карыстальнікі ў каментарах паставіліся да таго, што адбываецца, з разуменнем.

  

Безвиз с ограничениями: кто и почему не пускает граждан Грузии в Европу
Праходжанне пасажырамі кантролю перад рэгістрацыяй на рэйс, які праводзяць грузінскія і еўрапейскія памежнікі. Міжнародны аэрапорт Кутаісі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews

"На мяне глядзелі як на злачынца"

Дато Такніяшвілі жыве ў пасёлку Манглісі недалёка ад Тбілісі. Ён кіруе ўласным сямейным гатэлем, а таксама арганізуе з сябрамі туры ў суседнія краіны — Турцыю, Арменію і Азербайджан.

Брат Дато жыве ў Францыі ўжо сем гадоў. Там ён легальна працуе і нават купіў кватэру летась. Дато скарыстаўся магчымасцю, якая даецца бязвізам, і мінулай вясной асабіста павіншаваў свайго брата з наваселлем.

Другі раз ён надумаў ляцець з Кутаісі — так выходзіла танней. Узяў ён з сабой тыя ж самыя дакументы, што і першы раз: копія дакумента аб легальным знаходжанні брата ў Францыі, адрас яго кватэры і выпіска з банка, білеты ў абодва канцы, страхоўка.

У аэрапорце Кутаісі, не дайшоўшы да стойкі рэгістрацыі, Дато апынуўся на так званым кантрольна-прапускным пункце, дзе пасажыраў правяралі замежныя памежнікі разам з мясцовымі паліцэйскімі. Там яго папрасілі прадставіць дакумент, пра які ён да гэтага не чуў, — арыгінал запрашэння, завераны мясцовым муніцыпалітэтам, з пячаткай. Хоць Дато перад паездкай дасканала правяраў усю інфармацыю пра дакументы, неабходныя для бязвізавага ўезду ў Еўропу.

З-за адсутнасці дакумента грузінскія і замежныя памежнікі не дазволілі яму перасекчы мяжу і не дапусцілі на рэйс. Дато паспрабаваў аргументавана растлумачыць мэту паездкі, паказваючы дакументы, якія ў яго былі, але яго не слухалі.

"Мякка кажучы, дзіўна, што ў аэрапорце на тэрыторыі Грузіі замежны памежнік вырашае, ці магу я пакінуць краіну. Аднак я б успрыняў гэта як належнае, калі б не грубае да мяне стаўленне з боку мясцовых паліцэйскіх. Яны глядзелі на мяне як на злачынца, як быццам я збіраўся нешта сапсаваць у Еўропе. Мне задавалі шмат недарэчных пытанняў, якія не адносяцца да паездкі (пра фінансавае становішча, асабістае жыццё і г. д.)".

Безвиз с ограничениями: кто и почему не пускает граждан Грузии в Европу
Праходжанне пасажырамі кантролю перад рэгістрацыяй на рэйс, які праводзяць грузінскія і еўрапейскія памежнікі. Міжнародны аэрапорт Кутаісі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews

Каб аформіць і даслаць афіцыйнае запрашэнне, брату Дато ў Францыі спатрэбілася каля месяца. Для гэтага яму давялося прадставіць у муніцыпалітэт дакументы на кватэру і выпіску з банкаўскага рахунку.

У рэшце рэшт Дато паехаў у Францыю — зноў з аэрапорта Кутаісі. Аднак гэта каштавала яму вялікіх страт часу і фінансаў, не кажучы ўжо пра нервы.

"Ад'езд нашага грамадзяніна з Кутаісі ў Еўропу часта залежыць ад таго, у якім настроі прачнуліся ў той дзень памежнікі. Некаторых могуць не праверыць наогул, іншых жа могуць старанна праверыць, абшукаць і тым не менш не прапусціць.

Я асабіста ведаю двух чалавек, якіх лёгка прапусцілі без гэтага афіцыйнага запрашэння. Роўна праз тыдзень пасля маёй няўдалай паездкі так прапусцілі дзядулю майго сябра, які ехаў у Парыж. Другі — салідны мужчына, які стаяў побач са мной у аэрапорце. Ён не змог прадставіць арыгінал дакумента, але ўсё-ткі паляцеў без праблем.

Якіх-небудзь канкрэтных патрабаванняў і крытэраў няма, і гэта вельмі дрэнна, таму што вы не ведаеце дакладна, чаго чакаць у аэрапорце, і не можаце быць упэўнены, што пакінеце краіну", — кажа Дато.

Гісторыя Тамты Тодуа падобная на гісторыю Дато. Толькі гэтым разам не пусцілі на рэйс цэлую групу грузінскіх супрацоўнікаў амерыканскай кампаніі сеткавага маркетынгу. Тамта з калегамі ляцела на мерапрыемства сваёй кампаніі ў Мілан. Білеты ім купіла кампанія — праз Рым, бо на патрэбную дату не было прамога рэйса. З аэрапорта ў Рыме іх павінен быў забраць наняты кампаніяй кіроўца, заадно паказаўшы славутасці горада.

Аднак паляцець яны не змаглі — памежнікі ў аэрапорце запатрабавалі паказаць білеты на цягнік ад Рыма да Мілана, не паверыўшы тлумачэнням Тамты і калегаў, і ў выніку іх не прапусцілі.

Другую спробу яны распачалі праз два дні, ужо прамым рэйсам у Мілан. Але і гэтым разам не абышлося без праблем пры праверцы ў аэрапорце.

"Мы ведалі, што павінны былі мець па 50 еўра на дзень, каб паехаць у Еўропу. Аднак, на наша здзіўленне, памежнікі аб'явілі, што не пусцяць нас, калі ў нас не будзе па 100 еўра на кожны дзень. Мы адразу сталі тэлефанаваць сямейнікам і сябрам, якія перавялі нам грошы, якіх не ставала.

Такім чынам, цаной знервавання мы нарэшце прыляцелі ў Мілан на тры дні, каб наведаць мерапрыемства нашай кампаніі. Экскурсіі сарваліся, але, шчыра кажучы, мы былі ўжо не ў настроі", — расказвае Тамта.

Безвиз с ограничениями: кто и почему не пускает граждан Грузии в Европу
Праходжанне пасажырамі кантролю перад рэгістрацыяй на рэйс, які праводзяць грузінскія і еўрапейскія памежнікі. Міжнародны аэрапорт Кутаісі, студзень 2020 года / Фота: Давід Піпія / JAMnews

У аэрапорце Кутаісі журналісты JAMnews прысутнічалі на рэгістрацыі на рэйсы ў Рым і Мілан 28 студзеня. Перад стойкамі рэгістрацыі пасажырам прыйшлося стаяць у чарзе на праверку ў грузінскіх і еўрапейскіх памежнікаў. На нашых вачах не пусцілі на рэйс чацвярых пасажыраў.

Дзяўчыне, якая ехала ў Рым, адмовілі таму, што яна паказала бронь гатэля сямейнага тыпу ў цэнтры Рыма, які падаўся правяральнікам занадта танным. Па тым жа прынцыпе адмовілі маладому чалавеку, які забраніраваў хостэл. Шлюбную пару сярэдняга веку не прапусцілі з-за адсутнасці афіцыйнага запрашэння, заверанага мэрыяй Мілана.

Бязвіз у небяспецы?

Адкрытыя межы з Еўропай далі грамадзянам Грузіі больш магчымасцяў падарожнічаць, вучыцца і ўсталёўваць дзелавыя кантакты. Аднак у дзяржавы таксама з'явілася нямала галаўнога болю, звязанага з выкананнем абавязацельстваў перад ЕС. Перш за ўсё — не дапускаць нелегальнай міграцыі.

У траўні мінулага года, калі Грузію наведаў міністр унутраных спраў Францыі Крыстоф Кастанер, стала ясна, што анамальная колькасць ахвотных атрымаць прытулак у Еўропе ўяўляе рэальную пагрозу для бязвізавых паездак грамадзян Грузіі ў Шэнгенскую зону.

Па звестках Еўрастата, у 2018 годзе з Грузіі прытулку ў Еўрасаюзе прасілі 17 980 грамадзян, што складае тры працэнты ад агульнай колькасці саіскальнікаў. Гэтая лічба на 11 працэнтаў меншая, чым паказчык за 2017 год. Але больш чым удвая вышэйшая, чым у 2016 годзе (8700).

Грузія бяспечная краіна, дзе няма вайны, таму такая колькасць тых, хто просіць прытулку, з'яўляецца непрымальнай і "абразлівай для Грузіі", заявіў тады Кастанер пасля сустрэчы з грузінскім калегам Георгіем Гахарыя. "Калі мы не будзем працаваць над гэтым, заўтра свабодны доступ Грузіі ў Еўропу можа быць абмежаваны", — сказаў ён.

Тады кіраўнік МУС Грузіі Георгій Гахарыя ўпершыню публічна заявіў, што еўрапейскія афіцэры — супрацоўнікі міграцыйнай службы Францыі — будуць працаваць на тэрыторыі Грузіі для прадухілення незаконнай міграцыі.

Да таго моманту ў Кутаіскім аэрапорце ўжо дзяжурылі замежныя афіцэры, што кантралявалі пасажыраў  рэйса ў Вену, які толькі што адкрыўся. Як паведамілі тады журналістам прадстаўнікі Аб'яднання аэрапортаў, гэта былі афіцэры Еўрапейскага пагранічнага агенцтва FRONTEX, якія ажыццяўлялі кантроль па патрабаванні аўстрыйскага боку.

Неўзабаве, разам з мясцовымі паліцэйскімі (у Грузіі функцыі памежнай службы выконвае паліцыя), еўрапейскія памежнікі ў Кутаісі пачалі ажыццяўляць кантроль пасажыраў усіх рэйсаў, якія вылятаюць у краіны Шэнгенскай зоны.

Безвиз с ограничениями: кто и почему не пускает граждан Грузии в Европу
Міжнародны аэрапорт Кутаісі, адкуль лятаюць бюджэтныя авіякампаніі, стаў галоўнымі варотамі ў Еўропу для грамадзян Грузіі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews

Аднак урад Грузіі не публікаваў ніякай афіцыйнай інфармацыі і не праводзіў якой-небудзь інфармацыйнай кампаніі з мэтай папярэдзіць грамадзян Грузіі пра тое, што правілы кантролю змяніліся. І не растлумачылі, на якой менавіта падставе прадстаўнікі замежных пагранічных службаў надзелены правам не толькі не пускаць грамадзян Грузіі ў свае краіны, але і не даваць ім рэгістравацца на рэйс.

Як заявілі нам па тэлефоне ў Міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі, гэтыя правілы былі ўведзеныя на аснове мемарандума аб супрацоўніцтве паміж грузінскімі і еўрапейскімі ведамствамі. Умовы мемарандума засакрэчаныя і не могуць быць апублікаваныя.

Мы таксама не атрымалі адказаў на пісьмовыя пытанні JAMnews, нягледзячы на ​​шматразовыя абяцанні з боку прэс-службы МУС.

Не ўдалося атрымаць ніякай інфармацыі і ад адміністрацыі аэрапорта Кутаісі і службы бяспекі — як аказалася, гэтае пытанне за межамі іх кампетэнцыі. Самі замежныя пагранічнікі са значком з надпісам European Union Border Guard адмаўляюцца што-небудзь каментаваць і адсылаюць да сваіх грузінскіх калег, якія таксама адмаўляюцца адказваць на пытанні.

Абмежаванні дзеля бяспекі?

Па словах Георгія Чыцідзэ, юрыста Фонду "Адкрытае грамадства" і спецыяліста па міжнародным праве, пытанне допуску грузінскіх грамадзян на тэрыторыю краін Шэнгенскай зоны вырашаюць акрэдытаваныя ў ЕС памежнікі, якія валодаюць адпаведнымі ведамі, кампетэнцыямі і мандатам. Розніца ў тым, што рашэнне прымаецца ў прэвентыўным парадку, на тэрыторыі Грузіі, а не пры перасячэнні мяжы ЕС.

"Варта адзначыць, што Канстытуцыя Грузіі гарантуе свабоду перамяшчэння ўсім асобам унутры краіны. Грамадзянам таксама даецца канстытуцыйнае права пакідаць краіну. І гэта частка фундаментальнай свабоды чалавека. Аднак варта адзначыць, што гэта права можа быць абмежавана па шэрагу прычын. Адной з іх з'яўляецца матыў дзяржаўнай бяспекі", — тлумачыць Чыцідзэ.

Паводле яго слоў, "калі мы паглядзім на праблему комплексна", у гэтай сітуацыі можа стаяць менавіта пытанне дзяржаўнай бяспекі — што прадугледжвае выкананне міжнародных абавязацельстваў краіны ў галіне лібералізацыі візавага рэжыму.

"Аднак важна, каб такія рашэнні (перасячэння мяжы) прымаліся асобай з мандатам ЕС, а не толькі рашэннем грузінскіх памежнікаў. Асобная праблема заключаецца ў тым, што пасажырам не тлумачаць, чаму іх не пускаюць на борт самалёта. Натуральна, яны маюць права ведаць прычыны, па якіх яны не могуць пакінуць краіну", — кажа Чыцідзэ.

Безвиз с ограничениями: кто и почему не пускает граждан Грузии в Европу
Міжнародны аэрапорт Кутаісі, адкуль лятаюць бюджэтныя авіякампаніі, стаў галоўнымі варотамі ў Еўропу для грамадзян Грузіі, студзень 2020 года / Давід Піпія / JAMnews

Па прытулак у Еўропу едуць усё больш

Дакладнай статыстыкі людзей, якіх не пусцілі на рэйс і якім адмовілі ў праве пакінуць краіну, няма. Гэта натуральна, бо іх не дапусцілі нават да пашпартнага кантролю.

Такім чынам, за кошт нефармальных перашкод для выезду грамадзян Грузіі ўрад краіны ў супрацоўніцтве з ЕС спрабуе мінімізаваць праблему, пра якую не раз ужо папярэджвалі еўрапейскія палітыкі: многія грамадзяне Грузіі не спяшаюцца вяртацца дадому.

Ні Міністэрства замежных спраў, ні МУС пакуль не могуць даць дакладныя звесткі пра тое, колькі грамадзян Грузіі парушылі бязвізавы рэжым у 2019 годзе.

Што да просьбітаў прытулку, паводле апошніх звестак Еўрастата, са студзеня да лістапада 2019 года па прытулак па палітычных і гуманітарных прычынах у краінах ЕС звярнуліся больш за 20 тысяч грамадзян Грузіі. А гэта ўжо больш, чым за ўвесь 2018 год.

Каб пазбегнуць наплыву просьбітаў прытулку з Грузіі, ужо 15 краін Шэнгенскай зоны знайшлі выхад у тым, што абвясцілі Грузію бяспечнай краінай. А гэта значыць, што просьбы аб атрыманні прытулку прымацца не будуць і пасля кароткага разгляду справы саіскальнікаў вернуць назад.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі