BYPOL вінаваціць былога супрацоўніка ў крадзяжы 191 тысячы долараў

Станіслаў Лупаносаў

Станіслаў Лупаносаў

Арганізацыя BYPOL вінаваціць былога супрацоўніка ў крадзяжы грошай, прызначаных для падполля ў Беларусі. Пра гэта ў відэароліку на Youtube-канале арганізацыі кажа яе прадстаўнік Станіслаў Лупаносаў.

У фінансавай несумленнасці ён вінаваціць Мацвея Купрэйчыка, які пасля расколу арганізацыі перайшоў у BELPOL. Па яго словах, электронныя гаманцы арганізацыі на пачатку 2021 года былі зарэгістраваныя на Купрэйчыка, гэта адбылося яшчэ да рэгістрацыі самой арганізацыі. Перарэгістрацыю гаманцоў пазней не рабілі. "Менавіта ў выніку злоўжывання даверам Мацвей Купрэйчык пакінуў сабе ўсе мэдыярэсурсы і гаманцы арганізацыі разам з усімі грашыма, якія прызначаліся для беларускіх партызанаў", — заяўляе Лупаносаў.  

Таксама ён кажа, быццам Купрэйчык атрымліваў "наяўныя сродкі ад донараў, якія жадалі падтрымаць BYPOL", але не паведамляў пра гэта кіраўніцтву арганізацыі. "Пасля звальнення, падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, Купрэйчык сам пацвердзіў, што прысабечыў сабе 5000 еўра з данатаў, атрыманых ад прыватнай асобы", — сцвярджае Лупаносаў.

Паводле яго, пасля звальнення Купрэйчыка фінансавае расследаванне BYPOL паказала вывад грошай на суму 191 тысячы долараў. Цяпер BYPOL, кажа Лупаносаў, рыхтуе пазоў у польскі суд.

У каментары для Радыё "Свабода" прэс-служба BELPOL назвала гэтыя звесткі абсалютнай хлуснёй: "Далейшы разбор па гэтым пытанні будзе праводзіцца ў юрыдычнай плоскасці ў адпаведнасці з нормамі заканадаўства".

Улетку 2023-га арганізацыя экс-сілавікоў раскалолася на дзве — BYPOL і BELPOL. У BYPOL нядаўна завяршыўся фінансавы аўдыт, але ў BELPOL засталіся незадаволеныя яго вынікамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі