Б'юць усіх — Левон Халатран расказаў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА
Левон Халатран / @viktarbabarykaofficial
Практычна ўсіх зняволеных мужчын у СІЗА б'юць, расказаў валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Левон Халатран пасля прысуду суда.
У пятніцу, 19 лютага, яго асудзілі на два гады "хіміі" за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сваёй віны Халатран не прызнаў. На час абскарджання прысуду яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
"Усіх хлопцаў, якія сядзяць у СІЗА — усё роўна па якіх артыкулах — усіх б'юць. Гэта ў парадку рэчаў. Аднаму там проста ніткай рот рвалі", — расказаў Халатран.
Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра Вячаслава Ламаносава, 52-гадовага мужчыну, які на вулічнай акцыі даў аплявуху аператару БТ. У сярэдзіне студзеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў Ламаносава вінаватым у хуліганстве і "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і адправіў на два гады ў калонію агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.