Цапкала: я маю план на выпадак фальсіфікацыі выбараў, але вам не скажу

Цапкала: я маю план на выпадак фальсіфікацыі выбараў, але вам не скажу

Шкодныя вытворчасці неабходна вынесці ў прамзону за горад. Так прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Валерый Цапкала адказаў на сустрэчы ў Брэсце 1 чэрвеня. На сустрэчу ён прыехаў разам з жонкай Веранікай.

Для брастаўчан адным з балючых пытанняў стала пабудова акумулятарнага завода на ўскрайку горада. Нядаўна стала вядома, што прадпрыемства, супраць якога гараджане змагаюцца ўжо два гады, атрымала экалагічную экспертызу і змяніла ўласнікаў. 

Цапкала заявіў, што пытанне экалогіі і здароўя для яго асабістае. Ягоны бацька працаваў на шкоднай вытворчасці, "дыхаў аміякам і іншымі гадасцямі". Праз тры гады пасля выхаду на пенсію ён памёр ад раку лёгкіх. 

Таму палітык прапанаваў выносіць шкодныя вытворчасці ў прамысловую "зону адчужэння" ўдалечыні ад населеных пунктаў.

"Хоча там інвестар будаваць — на здароўе, будуй. Але ў горадзе не павінна быць ні лішніх пахаў, ні вібрацый, ні выкідаў шкодных ні ў ваду, ні ў паветра. Горад — гэта месца, дзе мы жывем, дзе павінны быць спартовыя пляцоўкі, паркі і бізнэс: банкі, кампаніі, прадпрыемствы, рэстараны, медыцынскія цэнтры — тое, што ніяк негатыўна не ўплывае на здароўе", — цытуе TUT.by словы Цапкалы.

Гэтаксама рашуча ён настроены і супраць шапікаў-"Табакерак", пастаўленых па ўсёй краіне. Іх палітык прапаноўвае адразу знесці: "Мы за спорт і здаровы лад жыцця або за "Табакеркі"?!"

Спыталіся ў прэтэндэнта і наконт сімволікі. Цапкала заявіў, што перш-наперш дазволіць свабоднае выкарыстанне абедзвюх сімволік — і бел-чырвона-белай, і чырвона-зялёнай. "Другое, што я прапаную, — правесці грамадскую дыскусію па гэтым пытанні, у якой я буду цалкам знаходзіцца ў кільватары. Гэта значыць я не буду ўмешвацца. А пасля абмеркавання правядзем рэферэндум", — патлумачыў ён сваю пазіцыю.

Калі ў палітыка пацікавіліся, што ён будзе рабіць ў выпадку фальсіфікацыі выбараў, ён адказаў сцісла: "Ёсць план, але можна я яго вам пакуль не скажу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі