Вераніка Цапкала зноў папярэдзіла пакупнікоў кватэры аб наступствах пакупкі

Вероника Цепкало

Вероника Цепкало / facebook.com/veronica.tsepkalo

Вераніка Цапкала зноў звярнулася да пакупнікоў мінскай кватэры яе сям'і і папярэдзіла аб юрыдычных наступствах гэтай пакупкі. Першы раз яна казала пра магчымыя наступствы, калі канфіскаваную кватэру толькі выставілі на аўкцыён. З першага разу яе прадаць не змаглі, але ў гэты аўторак у кватэры з'явіўся новы хазяін.

Цапкала нагадвае, што ў кватэры прапісаныя двое яе непаўналетніх дзяцей. І гэта жыллё хоць і належыць яе мужу, але было набыта ў шлюбе. Канфіскацыя і продаж кватэры мае на ўвазе "высяленне на вуліцу непаўналетніх дзяцей, што груба парушае як беларускае, так і міжнароднае заканадаўства ў дачыненні да правоў непаўналетніх дзяцей". У лютым яна звярталася ў пракуратуру, Следчы камітэт, Мінскі гарсуд з патрабаваннем разабрацца ў сітуацыі. Але ў адказ, па яе словах, атрымала адпіскі. А ў сакавіку супраць яе была яшчэ і адкрытая крымінальная справа. Цапкала зноў звярнулася да генеральнага пракурора Андрэя Шведа, просіць растлумачыць, "якімі прававымі актамі або пастановамі рэгулюецца правапрымяняльная практыка ў Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасці з якой нерухомая маёмасць серыйных забойцаў, гвалтаўнікоў, людзей, якія здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці застаюцца ў распараджэнні іх сем'яў, але адбіраецца з сем'яў грамадзян, якія не ўчынялі злачынстваў супраць чалавечнасці".

Звярнулася яна і да "пакупнікоў, якія "сарвалі халяву" і ўсё ж набылі нашу кватэру па значна заніжаным кошце". Цапкала не сумняваецца, што новыя ўладальнікі кватэры ведаюць, каму яна належыць.

"Вы і ваша сям'я павінны дакладна разумець, што па вяртанні ў Беларусь мы прыйдзем да вас, з простымі беларусамі, прэсай, усімі тымі, хто не падтрымлівае скупшчыкаў крадзенага і вы абавязаны будзеце выселіцца з нашай кватэры і аплаціць арэндную плату за ўвесь тэрмін пражывання", — заявіла яна.

Нагадаем, сям'я Цапкала прыняла актыўны ўдзел у перадвыбарнай кампаніі 2020 года. Муж Веранікі Валерый Цапкала планаваў вылучацца кандыдатам прэзідэнты, але ў ЦВК палічылі, што ён не сабраў дастатковую колькасць подпісаў. Яго кандыдатуру не зарэгістравалі. Пасля гэтага Вераніка Цапкала далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай. Валерый Цапкала, баючыся пераследу, пакінуў Беларусь яшчэ ў ліпені 2020 года, пасля выбараў з краіны выехала і Вераніка. Летась беларускі суд завочна прысудзіў Валерыя Цапкалу да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі