Кватэру Цапкалаў у Мінску не змаглі прадаць праз аўкцыён

Кватэра сям'і Цапкалаў

Кватэра сям'і Цапкалаў / "БелЮрЗабеспячэнне"

Аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры сям'і Валерыя Цапкалы не адбыўся — на яго няма ўдзельнікаў.

Аўкцыён па продажы кватэры экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду быў прызначаны на 27 лютага. Зарэгістравацца на яго можна было да 16:00 26 лютага. Цяпер на сайце электроннага аўкцыёну паведамляецца, што няма ўдзельнікаў, якія хацелі б набыць нерухомасць.

Як распавядала Еўрарадыё, трохпакаёўку на вуліцы Чарнышэўскага з месцам у падземным гаражы выставілі на таргі 12 лютага. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Пачатковы кошт маёмасці — 358 442 рублі 20 капеек.

Жонка Валерыя Цапкалы Вераніка звярталася ў Следчы камітэт і пракуратуру з заклікам правесці расследаванне: яна казала, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і непаўналетнім дзецям. З пакупнікоў маёмасці Вераніка Цапкала гразіла запатрабаваць арэндную плату.

Сям'я Цапкалаў пакінула Беларусь улетку 2020-га. Рэжым Лукашэнкі завочна асудзіў Валерыя Цапкалу на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней улады прадалі праз аўкцыён трохпакаёвую кватэру Ціханоўскіх. Зрабіць гэта ўдалося толькі з трэцяй спробы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі