На кватэру Цапкалаў знайшліся тры пакупнікі
Кватэра Цапкалаў, выстаўленая на аўкцыён
Другі раз праз электронны аўкцыён "Белюрзабеспячэння" спрабуюць прадаць кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў. 9 красавіка на яе знайшліся тры пакупнікі.
Таргі пачаліся ў 9:00 і працягнуцца, як плануецца, да 18:00. Удзел у іх могуць прыняць толькі зарэгістраваныя загадзя ўдзельнікі.
Першы раз кватэру спрабавалі прадаць 27 лютага, але таргі не адбыліся — не знайшлося ахвочых. Пасля гэтага цану на кватэру знізілі — да 286 753 рублёў 76 капеек. Раней яна каштавала на 70 тысяч рублёў даражэй.
Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў агульнай плошчай 103,7 кв. м знаходзіцца ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага. Разам з кватэрай прадаецца парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
Вераніка Цапкала заявіла, што будзе спаганяць арэнду з пакупнікоў кватэры.
Валерый Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты на выбары 2020 года. Аднак Цэнтрвыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі, бо палічыў, што ў яго недастаткова сапраўдных подпісаў за вылучэнне.
У Беларусі сям'я Цапкалаў не жыве з лета 2020 года, асцерагаючыся палітычнага пераследу. Валерыя Цапкалу на радзіме завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.