Двухпавярховы дом Цапкалаў у Мінску выставілі на электронныя таргі

Дом Цапкалаў

Дом Цапкалаў / e-auction.by

Двухпавярховы дом Валерыя і Веранікі Цапкалаў на вуліцы Цяплічнай у Мінску выставілі на электронныя таргі, прызначаныя на 20 лістапада. Пачатковы кошт маёмасці складае 2 мільёны 104 тысячы рублёў. Разам з домам прадаецца зямельны ўчастак плошчай 0,1411 га.

У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Нерухомасць знаходзіцца пад арыштам.

Вясной рэжым Лукашэнкі ўжо прадаў трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў.  Зрабіць гэта ўдалося толькі з другой спробы, калі знайшліся тры пакупнікі. 

У Беларусі Цапкалы не жывуць з лета 2020-га з-за пагрозы палітычнага пераследу. Валерый Цапкала раней кіраваў Паркам высокіх тэхналогій. У 2020 годзе ён заявіў пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта, але ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатуру. Пасля гэтага яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.

Вясной 2023-га Валерыя Цапкалу на радзіме завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кватэру арыштавалі, а пасля выставілі на электронны аўкцыён. У ёй былі прапісаныя непаўналетнія дзеці (яшчэ да таргоў жонка Вераніка Цапкала пісала ў пракуратуру і нагадвала, што гэтае жыллё — адзінае для яе дзяцей). Тады Цапкала накіраваў ліст у Генеральную пракуратуру з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці кіраўніка гэтага ведамства Андрэя Шведа. Пасля продажу кватэры Вераніка Цапкала папярэдзіла новых уладальнікаў, што мае намер вярнуць жыллё і прымусіць іх аплаціць арэнду за ўвесь перыяд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі