Валерый Цапкала просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці генпракурора Шведа
Валерый Цапкала
Удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2020-га года Валерый Цапкала накіраваў ліст у Генеральную пракуратуру з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці кіраўніка гэтага ведамства Андрэя Шведа. Падставай для такога звароту зрабіўся продаж канфіскаванай у Цапкалы мінскай кватэры, дзе былі прапісаныя і яго непаўналетнія дзеці.
Валерый Цапкала лічыць, што Швед, "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, выступаў у якасці саўдзельніка, падбухторшчыка або памагатага ў завалоданні і перапродажы кватэры па заніжаным кошце". Яшчэ да таргоў жонка Цапкалы Вераніка пісала ў пракуратуру і нагадвала, што гэтае жыллё — адзінае для яе дзяцей. І пазбавіць іх кватэры — гэта парушыць і Канстытуцыю, і Закон "Аб правах дзіцяці", і аднайменную Канвенцыю, ратыфікаваную Беларуссю.
Валерый Цапкала лічыць, што Швед парушыў яшчэ і артыкулы Грамадзянскага кодэкса, Кодэкса аб шлюбе і сям'і, а таксама Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых законаў.
"Шляхам ашуканскіх дзеянняў у складзе арганізаванай групы альбо метадам аказання ціску на падначаленых і на судовыя органы, грамадзянін Швед А. І. здзейсніў дзеянні, якія артыкул 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — КК РБ) кваліфікуе як "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", — піша Цапкала. На яго думку, Швед павінен быць адхілены ад займанай пасады і панесці пакаранне ў выглядзе штрафу і пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.
Кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў прадалі праз электронны аўкцыён у Мінску ў пачатку красавіка. Гэтая кватэра была канфіскаваная пасля прысуду Валерыю, яго судзілі завочна (у 2020-м годзе сям'я была вымушаная пакінуць Беларусь) і прысудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля продажу кватэры Вераніка Цапкала папярэдзіла новых уладальнікаў, што мае намер вярнуць жыллё і прымусіць іх аплаціць арэнду за ўвесь перыяд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.