"Чаго ўсміхаешся мне, пі***ок?"

Відавочцы збіцця лекара-сірыйца ў цягніку Орша — Мінск кажуць, што нападніку не спадабалася ўсмешка.

"Жанчыны ў яго пыталі: "Навошта так яго?". А гэты малады сказаў: "А мне не спадабалася, як ён на мяне паглядзеў", — распавядае Еўрарадыё відавочца бойкі Вольга. Яна зайшла ў вагон разам з кампаніяй маладых людзей на станцыі "Слабада". Паводле слоў Вольгі, кампанія яшчэ на пероне паводзіла сябе з выклікам, на станцыі лаяліся.

Таццяна, якая ехала ў вагоне электрычкі, распавядае Еўрарадыё, што сірыец сапраўды ўсім усміхаўся.

"Ім не спадабалася, што ён усміхаўся і глядзеў па баках. Але ён усміхаўся да таго, як яны зайшлі. Можа ў сірыйца быў добры настрой. Нападнікі самі потым казалі: "А чаго ён усміхаецца, падміргвае і аблізваецца?".

Некалькі відавочцаў выказалі Еўрарадыё меркаванне, што нападніку не спадабалася ўсмешка сірыйца. Вікторыя распавядае Еўрарадыё падрабязнасці:

"Яму не спадабалася, што той глядзеў і ўсміхаўся. Ён падышоў да сірыйца: "Што ты мне ўсміхаешся?". І былі выказаны словы ў яго адрас — "пі***ок".

Жанчыны супакоілі нападніка, а міліцыя не даехала.

"Праваднікі засталіся абыякавымі, — распавядае Еўрарадыё Людміла. — Сем прыпынкаў пасля бойкі мы ехалі. Ні на адной не выклікалі міліцыю. На "Інстытуце культуры" таксама не прыехала".

Вольга распавядае, што спачатку нарад спрабавалі выклікаць праз кнопку ў вагоне.

"Аказалася, што міліцыі ў цягніках больш няма. Пачалі тэлефанаваць на 102, праехалі два прыпынкі, ніякай рэакцыі. Потым тэлефанавалі другі раз, даведаліся, хто прымаў наш званок. Там жанчыны малайцы, адцягнулі гэтых маладых, супакоілі іх. Але міліцыя так і не з'явілася".

Праўда, потым міліцыя прыязджала да Вольгі на дачу здымаць паказанні. Да справы, кажа, падышлі сур'ёзна.

Сірыйца пасля бойкі адвезлі ў бальніцу, бо яму стала кепска. Таццяна кажа, што міліцыя спачатку спрабавала патрапіць на адну станцыю, але не паспела. Наступны нарад выклікалі ўжо на "Інстытут культуры". Міліцыянты прыехалі праз некалькі хвілін пасля прыбыцця цягніка, нападнікі ўжо сышлі, а некалькі відавочцаў паехалі ў аддзяленне.

Сірыец наадрэз адмаўляецца размаўляць з журналістамі. А вось сябар нападніка паспеў распавесці Еўрарадыё пра прычыны бойкі.

"Я проста бачыў, што ён устаў, нешта казаў, а потым бойка пачалася. Ён падышоў да яго, гаварыў з ім. Гэты сірыец прыабняў яго за нагу, спрабаваў падсадзіць да сябе, ён ударыў яго".

Знаёмы нападніка Максім кажа Еўрарадыё, што навучаўся з ім 3 гады ў "хабзе".

"Пацан адэкватны быў. Ды ну... Першы дакладна не палезе", — сказаў Максім, хаця пра бойку яшчэ не чуў.

"Як памятаю, ён добры нібыта быў, але за сябе пастаяць можа", — кажа Еўрарадыё яшчэ адзін знаёмы нападніка.

Нагадаем, здарэнне адбылося ў панядзелак. Сірыец сядзеў у электрычцы на лаве адзін. На станцыі "Слабада" пад Мінскам да яго падсела кампанія падлеткаў. Нейкі час яны не звярталі на чалавека ўсходняй знешнасці ўвагі. Але раптам паміж ім і адным з хлопцаў адбыўся кароткі дыялог, пасля чаго хлопец пачаў біць сірыйца ў твар да крыві.

Фота — TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі