Чалы: перамога блізка, таму "бульбасрачаў" больш

Беларусы каля Дома ўрада ў 2020 годзе / Еўрарадыё
Беларусы каля Дома ўрада ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Расколу сярод беларусаў, якія жадаюць пераменаў, няма, нягледзячы на "Форум дэмакратычных сіл", што праходзіць без Офіса Святланы Ціханоўскай і НАУ. Таксама "бульбасрачы" пра тое, што не так з беларускай рэвалюцыяй, зусім не паказчык рэальных праблем сярод дэмсіл. Пра гэта незалежны аналітык Сяргей Чалы кажа са спасылкай на прафесара-сацыёлага Андрэя Вардамацкага.

— Мае сэнс не ўлазіць у гэтыя срачы. Галоўнае пытанне, якое патрабуе адказу наконт гэтых бульбасрачаў, — гэта не змест іх, а чаму яны на самай справе адбываюцца. Што такога цяпер адбываецца, што нараджаюцца нейкія новыя дзіўныя цэнтры сілы, якія прэтэндуюць на [лідарства сярод дэмсіл. — Еўрарадыё].

Давайце зусім ужо моцна скажу. Адчуванне таго, што перамога [беларусаў над рэжымам Лукашэнкі. — Еўрарадыё] бліжэй, чым нам здаецца, у паветры нешта прысутнічае, нягледзячы на ўвесь песімізм. У перамогі ж шмат бацькаў, якія пачынаюць казаць: я гатовы ўзяць на сябе адказнасць, я гатовы ўзначаліць, мы сапраўдныя, а яны не сапраўдныя. Гэтыя людзі цяпер як чарвякі пасля дажджу. Я не ў негатыўным сэнсе. Ты калі іх бачыш [чарвякоў. — Еўрарадыё] на маставой, ты разумееш, што гэта дождж. Нешта ў атмасферы памянялася.

Пры гэтым выразна апісаць, што адбываецца, аналітык не можа.

— Ніхто і я сам не магу яшчэ сфармуляваць выразна, што адбываецца і чаму гэта адбываецца. Але яны [прэтэндэнты на лідарства, якія з'яўляюцца. — Еўрарадыё] адчуваюць, што нейкі варушняк ёсць. І ёсць магчымасць у ім з нейкімі шанцамі паўдзельнічаць.

Упэўнены Сяргей Чалы ў тым, што працэс дэмакратызацыі ідзе па польскім сцэнары. Так, доўга, з дапамогай салідарнасці людзей, але і не без аналагаў "бульбасрачаў". А цяперашнія падзеі ў Беларусі падобныя да 1980-х гадоў у Польшчы.

— Калі б не перамога "Салідарнасці" [прафсаюза. — Еўрарадыё] над Саветамі, яны [палякі. — Еўрарадыё] былі б намі. І кожны раз расказвалі, што гэта немагчыма, ну колькі можна гэтыя паўстанні, нас жа толькі грамяць.

Я абсалютна перакананы, што да канчатковай перамогі ці дакладней да таго моманту, калі ў іх ужо ў паветры запахла [перамогай. — Еўрарадыё], там дакладна гэтаксама былі людзі, якія казалі: ну вось зноў нас некуды паклікалі, а ў выніку колькасць палітвязняў павялічылася, а ў выніку ўсіх пабілі, і наогул, навошта гэта ўсё трэба? А потым адбываецца перамога, і ведаеш, што наступіць літаральна пасля яе? Усе тыя, хто казаў "ды нічога не будзе, трэба было ўсё не так", яны будуць казаць "мы ж набліжалі перамогу, калі не мы, то нічога б не было", — рэзюмуе Сяргей Чалы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі