Чаму большасць указаў Лукашэнкі — схаваныя? Спыталі экспертаў

Што можа азначаць такая тэндэнцыя?

Што можа азначаць такая тэндэнцыя? / @rubanau_collage

Лукашэнка кіруе Беларуссю, выдаючы ўказы. Вывучаючы іх колькасць, мы звярнулі ўвагу, што большасць указаў проста не былі апублікаваныя. Яны размяшчаюцца на сайце паслядоўна і, падлічыўшы колькасць прапушчаных нумароў, можна вызначыць, колькі з іх было схавана.

Так, у 2023 годзе апошні ўказ выйшаў пад нумарам 416, з іх 283 было прапушчана. У 2022-м з 468 указаў схавана было 354, а ў 2021-м з 521 дакумента ад грамадскасці схавалі 396.

Еўрарадыё спытала ў экспертаў, навошта ўказы хаваюць ад вачэй публікі.
 

"Відаць, што з яго ўказамі ідзе нейкае паралельнае жыццё"

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што калі ўказ выдаецца і не публікуецца — значыць ёсць прычыны нешта ўтойваць.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра ўказы, якія тычацца тэмы бяспекі. Нешта звязанае з войскам, спецслужбамі, КДБ. Думаю, там гаворыцца пра нейкія зусім непапулярныя захады ў бок узмацнення жорсткасці. Ну і другі напрамак, таксама магчымы — гэта эканоміка і бізнес. Можа, дакументы па падатковай, альбо прэферэнцыях, якія атрымліваюць набліжаныя да Лукашэнкі людзі. Проста пра гэта вырашылі публіцы не паведамляць.

Фрыдман дапусціў, што ў лік схаваных указаў могуць уваходзіць дакументы аб узнагароджанні тых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія "вызначыліся".

— Людзі, якія ўдзельнічаюць у розных сілавых аперацыях, хутчэй за ўсё, таксама будуць схаваныя ад вачэй. У цэлым, тэндэнцыя вельмі своеасаблівая, ніякай празрыстасці няма. Здзіўляе тое, што яны гэты момант не прадумалі, таму што па іх нумарах можна лёгка вызначыць, колькі выдавалася і колькі з іх схавана.

Эксперт кажа, што ўсе развагі наконт схаваных указаў знаходзяцца на ўзроўні спекуляцый, аднак прызнае, што тэндэнцыя даволі адназначная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі