Чаму нафазалін у Беларусі падаражэў удвая?

Лекі з новых паставак, якія ўжо пачалі трапляць на паліцы аптэкаў, могуць здзівіць сваімі цэнамі не толькі пакупнікоў, але і саміх аптэкараў.  Еўрарадыё вырашыла высветліць, наколькі стала даражэй хварэць у Беларусі пасля Новага года і якія лекі падаражэлі больш за ўсё.

Як высветлілася,  цэны змяніліся амаль што на ўсе лекі, прадстаўленыя ў беларускіх аптэках. Толькі адныя падаражэлі нязначна, а за іншыя трэба заплаціць ажно ў 2-3 разы больш. Гэта, зразумела, выклікае абурэнне пакупнікоў, а таксама здзіўленне тых, хто гэтымі лекамі гандлюе. Вось што кажа працаўніца адной з аптэк сеткі “Аналіз-плюс” у Мінску:

Аптэкар: Мяне здзівіла наша “Фармтэхналогія”. На кроплі “Нафазалін” рознічная цана была 700 рублёў, а зараз стала 1540 рублёў.

Як выявілася, падаражэлі не толькі гэтыя, але і шэраг іншых вырабленых у Беларусі лекаў. Вось што паведаміла нам адна з супрацоўніц мінскай аптэкі № 17:

Аптэкар: Пласцінка “Анальгіна” (10 таблетак) каштуе ўжо 860 рублёў, а раней каштавала 360 рублёў.

З лекаў айчыннага вырабу падаражэў таксама “Спазмалгон” у 2 разы, “Ксілін” з 2400 да 4800 рублёў, "Негрынпік" (прэпарат супраць прастуды) з 2800 да 3600 рублёў. Змянілася цана і на аскарбінавую кіслату — замест 240 рублёў за 10 таблетак цяпер трэба заплаціць 300 рублёў. Супрацьгрыбковая мазь “Мікацыд гель” таксама цяпер каштуе 3600 рублёў замест 2400 рублёў.

Як паведамілі нам у аптэках Мінска, беларускія лекі падаражэлі прыкладна на 20%. Аднак загадчыца ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэуцкая лічыць, што цэны на беларускія лекі амаль не змяніліся:

Людміла Рэуцкая: На беларускія лекі цэны ўзраслі нязначна. А на імпартаваныя, якіх у нас больш за 70%, з новых паставак ідзе павелічэнне цэнаў.

Еўрарадыё даведалася ў аптэках, што з  імпартаваных лекаў больш за ўсё падаражэлі “Дэтралекс” (ажно на 13 тысяч рублёў), “Траксівазін” (у 2 разы) ,”Супрасцін”(з 8 да 14 тысяч рублёў), а таксама  “Кальцый-Д3-Нікамед”, які раней каштаваў 35 тысяч, а зараз ужо — каля 50 тысяч рублёў. За сардэчны прэпарат “Прэдуктал” цяпер трэба заплаціць 50 тысяч рублёў, а раней — толькі 36 тысяч. А за “Канкор” трэба заплаціць ажно 64 тысячы рублёў, хаця раней яго можна было набыць за 44 тысячы.

Узляцелі цэны  і на заспакаяльныя прэпараты. Аб гэтым таксама паведамілі нам у аптэцы сеткі "Аналіз-Плюс":

Аптэкар: “Персэн” быў 9 тысяч, а цяпер ужо 14,” Фортэ” раней каштаваў 9.700, 10.800, а зараз ужо 15 тысяч.

Тых, хто захварэў на грып або прастудзіўся, акрамя павышанай цаны на кроплі ў нос, чакае ў аптэках яшчэ адзін сюрпрыз. Гарачкапаніжальныя прэпараты таксама падаражэлі амаль удвая. Вось што кажуць у адной з мінскіх аптэк:

Аптэкар: “Тэрафлю” з ляснымі ягадамі стаў каштаваць 20 тысяч за 10 пакецікаў, а раней каля 11-12 тысяч каштаваў. “Колдрэкс” таксама падаражэў да 16 тысяч, а раней быў да 10 тысяч.

Не заўважыць такіх зменаў у цэнах проста немагчыма. Таму нават Камітэт дзяржкантролю  вырашыў праверыць, ці абгрунтавана падымаюцца цэны на лекі:

Прэс-сакратар: У дадзены момант праводзіцца маніторынг цэнаў на лекавыя прэпараты ў дзяржаўных і прыватных аптэках. Гаварыць аб яго выніках пакуль яшчэ рана.

Аднак у бліжэйшы час паніжэнне ўзроўню цэнаў не адбудзецца.  Лекі як айчыннага вырабу, так і замежнага будуць толькі даражэць — аб гэтым Еўрарадыё даведалася ад Людмілы Рэуцкай.

Людміла Рэуцкая: Цэны будуць павышацца паэтапна на цэлы шэраг лекавых вырабаў.

Чыноўнікі кажуць, што галоўная прычына павелічэння цэнаў – гэта дэвальвацыя. За  імпартаваныя лекі трэба разлічвацца валютай, дый беларуская фармацэўтычная вытворчасць працуе пераважна на прывознай сыравіне.



Фота — "Обозреватель"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі