Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

“Гэта будзе не проста Міністэрства гандлю, а Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і развіцця канкурэнцыі” — робіць заяву прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў пра тое, як у найбліжэйшы час зменяцца функцыі Міністэрства гандлю.

Сёння ў Беларусі 24 міністэрствы. А ва Украіне, насельніцтва якой у чатыры разы большае, усяго толькі 17. У Польшчы іх таксама меней — 18. Сярод іх ёсць Міністэрства ўкаранення інфармацыйных тэхналогіяў.

У Германіі 14 міністэрстваў. Ёсць нават Міністэрства аховы правоў спажыўцоў, Міністэрства сям’і, пажылых, жанчын і моладзі.

У Грузіі пасля рэвалюцыі ружаў з’явіўся шэраг незвычайных для нас міністэрстваў: Міністэрства еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі, Міністэрства па пытаннях міграцыі, Міністэрства прымірэння і грамадзянскага раўнапраўя, Міністэрства рэгіянальнага развіцця і інфраструктуры, нават Міністэрства па рассяленні бежанцаў з акупаваных тэрыторыяў. Сёння там 19 міністэрстваў.

Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

Дырэктар Даследчага інстытута ліберальнай акадэміі Тбілісі Лаша Тугушы кажа, што рэформы кіраўнічага апарата цягнуцца і цяпер:

“Гэта вельмі важна, каб эфектыўнасць увесь час паляпшалася. Мы павінныя працягваць гэтыя рэформы. Апошнім сур’ёзным крокам быў падзел Міністэрства бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў”.

У невялікай Латвіі міністэрстваў усяго 13. У гэтай краіне таксама ёсць незвычайнае для нашага слыху Міністэрства дабрабыту. Яно займаецца пытаннямі сацыяльнага забеспячэння, пенсіямі, дэмаграфічнай палітыкай.

На думку намесніцы кіраўніка прэс-дэпартамента Дзяржаўнай канцылярыі Заігі Барведа, дзяржава лепш функцыянуе, калі міністэрстваў менш.

“Тады рашэнні прымаюцца лягчэй. Меншы бюракратычны апарат, і ўсё можна зрабіць хутчэй і нашмат больш эфектыўна”.

Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

Для такой маленькай краіны, як Беларусь было б дастаткова і 12 міністэрстваў, выказвае меркаванне палітычны аналітык Аляксандра Фядута.

“Зразумела, што не павінна быць ніякага Міністэрства інфармацыі, Міністэрства спорту, для гэтага цалкам дастаткова было б Нацыянальнага алімпійскага камітэту і грамадскіх аб’яднанняў”, — разважае Фядута.

Па яго словах, функцыі міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі маглі б цалкам легчы на мясцовыя органы ўлады. Міністэрства эканомікі прамысловасці і гандлю варта было б аб’яднаць у адно.

Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

Падобнага меркавання прытрымліваецца былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык:

“Трэба больш функцыяў даваць мясцоваму самакіраванню, кіраўнікам прадпрыемстваў. Такога дырэктыўнага кіравання не павінна быць. Тады і стане зразумела, колькі мусіць быць міністэрстваў. Іх зашмат”.

У Міністэрстве гандлю гавораць, што пакуль дакладна невядома, ці зменіцца яго назва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі