Чаму ў Беларусі на афармленне сямейнага капіталу даюць паўгода?

Чаму ў Беларусі на афармленне сямейнага капіталу даюць паўгода?

Больш за 16 тысяч сямей ужо аформілі сямейны капітал. Калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў, гэтыя 10 тысяч долараў можна будзе патраціць на будаўніцтва жылля, вучобу ці лячэнне (пры хваробе грашыма можна скарыстацца і раней). 18 сямей у 2015 годзе не паспелі ўкласціся ў тэрмін шасці месяцаў, цягам якіх можна падаць дакументы. А потым — усё!


"Быў выпадак, калі прыйшлі падаваць дакументы, дзіцяці споўнілася шэсць месяцаў, аднак яны думалі, што можна падаваць дакументы да шасці месяцаў уключна, — распавядае загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Маскоўскага раёна Мінска Анастасія Сараговец. — Сустракаліся такія, хто ведаў пра тэрміны, але чамусьці цягнуў да апошняга, і ў выніку не паспеў. Але каб нехта сказаў, што мы не хочам сямейнага капіталу, такога не было!"


А вось Аксана Шыліна, супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна Мінска кажа, што такі выпадак быў:


"Дзіцяці было восем месяцаў, але бацькам гэта было не зусім трэба. Настаяла бабуля. Яна прыходзіла да нас разбірацца. Аднак выпадкі, калі бацькі спазніліся з заявай, таксама ёсць".

Першая беларуска аформіла мацярынскі капітал

Навошта гэтае шасцімесячнае абмежаванне, у тэрытарыяльных цэнтрах не ведаюць. Маўляў, так прапісана у заканадаўстве, і ўсё. У той жа час, у Расіі, прыкладам якой скарысталася Беларусь, разлічваць на сямейны капітал можна калі заўгодна.


"Тэрмін звароту ў ПФР з заявай аб выдачы дзяржаўнага сертыфіката на мацярынскі (сямейны) капітал пасля нараджэння (ўсынаўлення) другога (трэцяга або наступнага дзіцяці) не абмежаваны", — паведамляецца на сайце Пенсійнага фонду Расіі.

Чаму ў Беларусі на афармленне сямейнага капіталу даюць паўгода?
Фота: www.kp.by

Па словах прэс-сакратара Мінпрацы і сацыяльнай абароны Таццяны Максімавай, тэрмін афармлення дакументаў на мацярынскі капітал супадае з тэрмінам афармлення дапамогі на дзяцей.


"Нават калі тэрмін павялічыць да года, знойдуцца тыя, хто ўсё адно не паспее. Бо працэнт сямей, якія не змаглі аформіць капітал, вельмі маленькі. Дзяцей жа ўсе паспяваюць зарэгістраваць. Таму гэта, хутчэй, чалавечы фактар", — кажуць у Мінпрацы.


Такой жа думкі прытрымліваюцца і ў Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Мінска:


"Закон жа не мы з вамі прыдумляем. Палічылі, што бацькоў трэба разварушыць, каб яны рабілі ўсё ў час, таму і даецца такі тэрмін”.

Еўрарадыё звярнулася да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Зінаіды Мандроўскай. І яна не выключыла, што тэрмін можа быць перагледжаны:

Чаму ў Беларусі на афармленне сямейнага капіталу даюць паўгода?

"Было б менш рамак, на мой погляд, было б лепш. Тут трэба прааналізаваць сітуацыю і паглядзець, што перашкаджае сем'ям аформіць капітал. Натуральна, што тут ёсць пытанне для абмеркавання. З іншага боку, паўгода — гэта не месяц. Не бывае ж, каб за гэты час не зарэгістравалі дзіця".


Падавалася б, дзяржава зрабіла круты крок — выдзеліла шматдзетным сем'ям грошы, якія не могуць быць лішнімі. З іншага боку, яна тут жа перакрэсліла гэтую крутасць шасцімесячным абмежаваннем. Ну сапраўды, грошы будуць "даступныя" толькі праз 18 гадоў. Навошта бацькам, у якіх толькі што нарадзілася дзіця, бегаць па інстанцыях, нават калі іх і няшмат, замест таго каб аформіць капітал выключна тады, калі гэта будзе зручна?


Да таго ж чыноўнікі кажуць, што бацькі, якія не паспелі падаць заяву, неарганізаваныя, аднак кантакты гэтых сем'яў даваць адмаўляюцца. Еўрарадыё не здолела іх знайсці, каб даведацца пра сапраўдныя прычыны спазнення. Бо, па сутнасці, яны могуць быць рознымі: маці можа ляжаць у бальніцы з дзіцем, можа застацца адна без падтрымкі, могуць быць іншыя сітуацыі. Натуральна, што замест маці можа пайсці бацька ці іншая давераная асоба, але зноў жа, даверанасць трэба афармляць, то бок зноў хадзіць па кабінетах.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі