Чаму вы не ходзіце на Майдан? Рэпартаж з вуліц Кіева

15 снежня на Майдане чарговае народнае веча. Збіраюцца сотні тысяч людзей, ісці праз натоўп можна з хуткасцю кіламетр на гадзіну. Неяк праціскаюся, прабіраюся ў метро, выходжу на “Арсенальнай”. Там пра "рэвалюцыю" амаль нічога не нагадвае, але першая ж сустрэтая мной дзяўчына кажа, што ідзе на Майдан:



“А мы вось акурат ідзём зараз на Майдан. Бо я за Еўрасаюз, а гэтая ўлада не падтрымлівае мой пункт гледжання, вось. На Майдане збіраюцца людзі, якія падтрымліваюць маё меркаванне”.



Яна хутчэй выключэнне — пачуўшы маё пытанне “Чаму вы не пайшлі сёння на мітынгі (праўладны, або апазіцыйны, без розніцы)?”, людзі толькі паскараюць крокі. “Надакучылі вы ўжо сваімі пытаннямі”, — некалькі разоў чую у свой адрас ад мінакоў. Спыняецца чацвёрты ці пяты чалавек, гаворыць, што ні на які Майдан не пойдзе, бо верыць у Бога і яго ўладу. А “народныя вечы” — мітусня.



Таму што я ведаю: калі прыйдзе ўлада ад Бога, калі людзі будуць крычаць на Майдане не “Слава Украіне”, а “Слава Богу”, вось тады будзе ўлада. Уся ўлада належыць Богу. Я веруючы чалавек. Тое, што цяпер адбываецца, гэта проста этапы сталення чалавечай свядомасці”.



Сярод іншых “немайданаўскіх адказаў” у лідарах простая жыццёвая пазіцыя, блізкая кожнаму беларусу: “Няма чаго мне там рабіць, разбяруцца самі”. Усё ж не такая і шырокая мяжа паміж нашымі суседнімі народамі. Гандлярка карткамі розных мабільных аператараў гаворыць мне, што на Майдан не ідзе, бо трэба працаваць, а пра мітынг у падтрымку Януковіча “чула, але не ведаю, дзе ён, хіба ўжо скончыўся”.



Пасля паўгадзіны кароткіх дыялогаў з кіеўлянамі сустракаю жанчыну з дачкой. Яна прадстаўляецца Валянцінай і кажа, што на мітынгах была ўчора, прычым, на абодвух — хадзіла па чарзе. Спачатку да Януковіча, потым да апазіцыі. У выніку толькі замацавалася ў тым, што будзе падтрымліваць дзейсную уладу.



“Я думаю, што нашы палітыкі — людзі разумныя. Яны часам могуць памыляцца, так. Але ў цэлым людзі яны годныя. А народ… Я вам скажу сваё асабістае меркаванне — народ не заўсёды адэкватна рэагуе на змены ў палітыцы, на змены ў дзяржаве. Кожны проста хоча ўрваць свой кавалак. Людзей часта штурхаюць да нечага”.



У дадатак кажа, што мне украінцаў не зразумець, бо ў “вас беларусаў усё спакойна, ніякіх падзелаў няма”. Ад наведвання Майдана Валянціна атрымала толькі негатыў. Расказвае, што там збольшага нацыяналісты, якія не лічаць жыхароў Цэнтральнай і Усходняй Украіны сапраўднымі украінцамі.



“Мы вось сёння былі на Майдане. Да нас падышоў мужчына і запытаў, адкуль мы родам. Я кажу — з Жытоміра. А ён са Львова быў. Я кажу — файна, мы ж усе украінцы. А ён — не. Маўляў, мы Украіна. Ён вось думае, што Заходняя Украіна — гэта сапраўдная Украіна. Я пытаюся ў яго тады, чым яго нацыяналізм адрозніваецца ад фашызму. Ён завярнуўся і пайшоў. Я кажу яму, чаму вы не хочаце адказваць?”



Пры гэтым у размове са мной Валянціна пастаянна збіваецца на украінскую, з цяжкасцю падбіраючы рускія словы.



Вяртаюся назад на Крашчацік. У метро бачу сцэнку — група маладых “рэгіяналаў” з партыйнымі сцягамі проста на эскалатары моўчкі слухае бабулю з нацыянальным сцягам. Яна лаецца на апанентаў і называе іх здраднікамі, якія прыехалі ў Кіеў “за грошы”. “Слава Украіне!”, — завяршае свой спіч пенсіянерка. “Героям слава!!!”, — хорам адказвае ёй натоўп на платформе і паглынае хлопцаў са сцягамі “Партыі рэгіёнаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі