Час развітацца: як ЗША 20 гадоў (не) сыходзілі з Афганістана

Час развітацца: як ЗША 20 гадоў (не) сыходзілі з Афганістана

Два тыдні таму амерыканскія вайскоўцы пакінулі найбуйнейшую вайсковую базу ў афганскім Баграме. Менавіта з гэтай базы на працягу 20 гадоў ажыццяўляліся самыя значныя антытэрарыстычныя аперацыі заходняй кааліцыі супраць талібаў. Цалкам пакінуць Афганістан амерыканцы плануюць да 11 верасня — да 20-годдзя тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне, што і стала нагодай да ўварвання ЗША.

Еўрарадыё ўспамінае, што адбывалася ў Афганістане на працягу апошніх 20 гадоў і чаму знаходжанне там ЗША настолькі зацягнулася. 

Пачатак

11 верасня 2001 года тэрарысты “Аль-Каіды” захапілі над тэрыторыяй ЗША чатыры пасажырскія самалёты: два з іх урэзаліся ў Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку, адзін упаў непадалёк ад будынка Пентагона ў Вашынгтоне, яшчэ адзін — упаў у штаце Пенсільванія. У выніку спланаванай серыі тэрактаў загінулі амаль 3 тысячы чалавек.

Час развітацца: як ЗША 20 гадоў (не) сыходзілі з Афганістана
Тэракт 11 верасня / Reuters

7 кастрычніка ЗША і Вялікабрытанія пачалі аперацыю “Нязломная свабода”, якая абмяжоўвалася толькі бамбардзіроўкай з паветра пазіцый "Талібану" і "Аль-Каіды”. Аднак ужо ў канцы таго ж месяца ў Афганістан увайшлі і наземныя войскі. 

Да снежня войскі НАТА і заходніх хаўруснікаў змялі панаванне рэжыму "Талібану" ў краіне. У Кабуле прыйшоў да ўлады часовы ўрад на чале з Хамідам Карзаем

Перад гэтым горнае сховішча Усамы бен Ладэна штурмавалі афганцы і ўзялі ў палон 20 яго найбліжэйшых паплечнікаў, але сам тэрарыст №1 (у той час) здолеў уцячы.

“Завяршэнне асноўнай баявой аперацыі”

У чэрвені 2002 года ўсеафганская рада старэйшын зацвердзіла Хаміда Карзая на пасадзе прэзідэнта пераходнай адміністрацыі Афганістана. Аднак яго ўлада абмяжоўвалася толькі Кабулам. Па-за ім панавалі сілы "Талібану" і "Аль-Каіды”, якія перагрупаваліся і ладзілі партызанскія вылазкі. 

Нягледзячы на гэта, Афганістан адышоў для ЗША на другі план, бо пачалася вайсковая падрыхтоўка да аперацыі ў Іраку.

Ужо ў траўні 2003 года міністр абароны ЗША Дональд Рамсфелд абвясціў пра завяршэнне асноўнай баявой аперацыі ў Афганістане. Кантынгент амерыканскіх войскаў на той час — 8 тысяч чалавек.

“Вяртанне” Усамы 

У кастрычніку 2004 года ў Афганістане ўпершыню з 1969 года праходзяць выбары: Хамід Карзай афіцыйна становіцца прэзідэнтам. 

Праз некалькі тыдняў з’яўляецца відэазварот Усамы бен Ладэна. Лідар “Аль-Каіды” толькі тады бярэ на сябе адказнасць за тэракты 11 верасня і пагражае Амерыцы “вайной на знясіленне да пераможнага канца”.

Час развітацца: як ЗША 20 гадоў (не) сыходзілі з Афганістана
Амерыканская база / Reuters

У 2005 годзе ЗША пачынае падрыхтоўку афганскага войска: пастаўляе яму зброю і трэніруе, каб у будучыні кантроль і абарону краіны цалкам аддаць афганцам.  

Кантынгент амерыканскіх войскаў ужо складае 20 тысяч чалавек. 

На працягу некалькіх гадоў заходнія хаўруснікі праводзяць як паспяховыя аперацыі, так і не вельмі: усё часцей гінуць цывільныя. Напрыклад, у жніўні 2008 года спроба забіць аднаго з лідараў талібаў прывяла да смерці амаль сотні жыхароў вёскі ў правінцыі Герат. Большасць ахвяраў у выніку ракетнага абстрэлу — дзеці. 

Праз гэта падтрымка талібаў сярод насельніцтва рэзка ўзрасла. 

Абама абяцае вывесці войскі 

У 2009 годзе афганскае пытанне ў спадчыну ад Джорджа Буша-малодшага дастаецца Бараку Абаму. Новы прэзідэнт ЗША ўпершыню агучыў дату пачатку вываду войскаў — ліпень 2011 года. Што праўда, не стаў удакладняць, колькі зойме згортванне амерыканскага кантынгенту, колькасць якога дасягнула ўжо 60 тысяч салдат. Пра тое, што планы Абамы зацягнуцца, стала зразумела ўжо ў наступным 2010 годзе: колькасць амерыканскіх вайскоўцаў пераваліла за 100 тысяч.

Галоўны поспех

У траўні 2011 года ў выніку аперацыі ЗША “Кап'ё Нептуна” быў забіты Усама бен Ладэн. Вайскоўцы знайшлі яго ў суседнім Пакістане, кіраўніцтва якога і без гэтага падазравалася ў падтрымцы талібаў. 

Адносіны Афганістана і Пакістана, які быў фактычным хаўруснікам ЗША, моцна пагоршыліся. 

Ліквідацыя бен Ладэна была больш ідэалагічнай перамогай. Ва ўсім астатнім вынікі 10-гадовай кампаніі былі не вельмі суцяшальныя: загінулі каля дзвюх тысяч амерыканскіх салдат, а перамовы з талібамі зайшлі ў тупік.

У 2012 годзе праходзяць маштабныя антыамерыканскія пратэсты сярод мясцовага насельніцтва. Прычынай стала тое, што на амерыканскай базе Баграм у Кабуле салдаты спалілі некалькі канфіскаваных копій Карана, з дапамогай якіх палонныя талібы абменьваліся паведамленнямі.

Час развітацца: як ЗША 20 гадоў (не) сыходзілі з Афганістана
Антыамерыканскія пратэсты / dpa

Тым не менш у 2013-м НАТА афіцыйна абвясціла пра завяршэнне ваеннай місіі ў Афганістане і перадало мясцоваму войску і паліцыі паўнамоцтвы па забеспячэнні бяспекі. І войскі НАТА, і ЗША засталіся ў краіне толькі ў ролі кансультантаў і для контртэрарыстычных аперацый.

“Талібан” наступае і не сыходзіць

У 2014 годзе Барак Абама анансаваў план паступовага вываду большай часткі амерыканскіх войскаў з Афганістана — да канца 2016 года. Аднак у 2015 годзе “Талібан” гэтым скарыстаўся і перайшоў у наступ — нават ненадоўга захапіў Кундуз, сталіцу аднайменнай правінцыі. ЗША давялося спыніць вывад сваіх войскаў.

У 2016 годзе талібы актыўна працягваюць супраціў, а вайна ў Афганістане цяпер дастаецца Дональду Трампу. У 2018 годзе яна становіцца самай працяглай вайсковай кампаніяй ЗША, адабраўшы пальму першынства ў вайны ў В’етнаме.  

Канец(?)

У 2021 годзе вайну ў Афганістане атрымлівае ў спадчыну ўжо чацвёрты прэзідэнт ЗША — Джо Байдэн. Яго папярэднік Дональд Трамп планаваў вывесці войскі да 1 траўня 2021 года, але Байдэн пасунуў гэтую дату на некалькі месяцаў.

Тым часам НАТА канчаткова прызнала, што ваеннага рашэння афганскай праблемы не існуе.

За гэтыя 20 гадоў у  Афганістане загінулі больш за 3,5 тысячы салдат заходняй кааліцыі і больш за 65 тысяч афганскіх салдат. Дакладных звестак пра колькасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва няма, але вымяраецца яна дзясяткамі тысяч. 

Пасля канчатковага выхаду войскаў ЗША і заходніх хаўруснікаў з краіны афганцы ў барацьбе з “Талібанам” змогуць разлічваць толькі на сябе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі