Чатыры беларусы абвясцілі галадоўку салідарнасці з Надзеяй Саўчанка
Галадоўку салідарнасці з палоннай украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка пачалі 15 лютага чатыры беларусы. Гэта сябры незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Свабода).
У каментары Радыё "Свабода" кіраўнік партыі Сяргей Скрабец паведаміў, што галадоўку трымае ён сам, яго малодшы брат Аляксандр, а таксама Валерый Быкаў і Андрэй Астрэйка. Галадоўку яны вырашылі трымаць да канца лютага.
"Праз гэтую акцыю мы хочам паказаць сваю падтрымку народу Украіны, які мужна змагаецца з расейскай агрэсіяй", — заявіў Скрабец.
Агульнаеўрапейская акцыя салідарнасці з украінскай лётчыцай мае назву "Свабоду Надзеі Саўчанка — мы галадаем". Яе ініцыявала група дэпутатаў з Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
18 снежня палонная ўкраінская лётчыца, якую судзяць у Расіі, абвясціла галадоўку пратэсту. Як перадаюць яе адвакаты, пасля абвяшчэння прысуду ўкраінка плануе абвясціць сухую галадоўку, патрабуючы вызвалення.