Чэхія аб'явіла ў вышук Пятрова і Башырава, якія атруцілі Скрыпалёў
МЗС Чэхіі заявіла пра высылку 18 расійскіх дыпламатаў. Мяркуецца, што ўсе яны працуюць на расійскую выведку. Іх падазраюць у датычнасці да серыі выбухаў на складах боепрыпасаў у 2014 годзе ў вёсцы Врбеціцэ Злінскага края. Выданне Novinky піша, што выбухі мусілі перашкодзіць пастаўкам боепрыпасаў ва Украіну, дзе акурат пачалася вайна на Данбасе. Але здарыліся заўчасна.
Таксама паліцыя Чэхіі абвясціла ў вышук меркаваных супрацоўнікаў выведкі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Гэта тыя ж людзі, якіх падазраюць ў атручванні былога расійскага разведчыка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў брытанскім Солсберы. Паведамляецца, што ў кастрычніку 2014 года Пятроў і Башыраў прыязджалі ў Прагу, затым — у Злінскі край.
Рашэнне Прагі аб высылцы дыпламатаў падтрымалі ЗША а таксама кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевіч.
"Падрыўная дзейнасць расійскіх агентаў, якая прывяла да выбуху склада боепрыпасаў і гібелі нявінных людзей, падлягае пакаранню, вінаватыя павінны быць пакараныя", — напісаў у твітары Рынкевіч.
"Празе добра вядома, што пойдзе следам за падобнымі фокусамі", — пракаментавала афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава заяву Прагі аб высылцы дыпламатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.