Чэрачань: далей каменданцкая гадзіна і расстрэл на месцы?

Чэрачань: далей каменданцкая гадзіна і расстрэл на месцы?

Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачань запісаў відэа пра сітуацыю ў нашай краіне. Спачатку ён спыніўся на кадравай палітыцы ўлады.

"Зыходзячы з дзеянняў і заяў Лукашэнкі, кіраўнікоў у сістэме хутка ўвогуле не застанецца, — кажа палітык. — Вайскоўцы выконваюць загады. Што яшчэ патрэбна?! Не хочаце ісці ў армію, тады армія ідзе да вас. Наступным крокам можа стаць увядзенне каменданцкай гадзіны і расстрэл на месцы".

Далей Чэрачань прыгадаў скандальную заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што пратэстоўцы могуць застацца без рук: "Усе нармальныя людзі выдатна разумеюць, што чалавек з "адарванымі рукамі" не зможа плаціць падаткі, а гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі". Ён выказаўся наконт закрыцця мяжы "без аб'яўлення вайны", без тлумачэння прычын. Сяргей Чэрачань сам быў сведкам гэтага, калі вяртаўся з Украіны, і бачыў, што ў людзей быў шок. "Проста закрылі мяжу. Іх мала хвалюе тое, што адбываецца ў людзей... Прывітанне "жалезная заслона"!", — кажа Чэрачань.

Палітык згадаў пра звальненні, страйкі, пра выключэнне студэнтаў з ВНУ, пра пагрозу непрызнаваць замежныя дыпломы.

"За гады маналогу ўлада развучылася слухаць і ўвогуле функцыянаваць не для ўласнай патрэбы, а для камфортнага жыцця людзей", — заявіў лідар "Грамады". Ён лічыць, што шмат у чым самі беларусы вінаваты, што стварылася такая сітуацыя: "Не адстойвалі свае правы, пакуль гэта не датычыла асабіста нас, не прымалі ніякага ўдзелу ў палітычным жыцці краіны". "Тое, што цяпер адбываецца, толькі следства нашага пафігізму", — кажа палітык.

Сяргей Чэрачань лічыць, што "ўсё можна выправіць", а для гэтага трэба пачаць прымаць актыўны ўдзел у жыцці краіны. Ён расказаў пра сустрэчу з старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Яго асноўнае пытанне было: калі ўлада адкрыецца для рэальнага дыялогу з людзьмі? "Сотні тысяч людзей, якія выходзяць на вуліцу, патрабуюць, каб іх пачулі, — працягвае Чэрачань. — Мільёны людзей баяцца выходзяць, але падзяляюць кропку гледжання мірнага пратэсту".

Качанава на дыялог пагадзілася і Сяргей Чэрачань рыхтуецца да запланаванага мерапрыемства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі