Чэрачэнь гатовы вылучыць сваю кандыдатуру на наступных прэзідэнцкіх выбарах

Сяргей Чэрачэнь / facebook.com/svcherechen
Сяргей Чэрачэнь / facebook.com/svcherechen

Старшыня партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" і экс-кандыдат у прэзідэнты 2020 года Сяргей Чэрачэнь вылучыць сваю кандыдатуру і на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю газеце "Народная Воля".

Па словах Чэрачня, партыя, якой ён кіруе, падала ў Мінюст дакументы на перарэгістрацыю на пачатку чэрвеня. Праўда, ва ўсечанай форме — без пайменнага спісу сябраў партыі.

"Мы разумеем, што гэта вялікая рызыка для людзей, калі іх персанальныя даныя апынуцца ў руках уладаў. Акрамя таго, калі пісалі ліст у Міністэрства юстыцыі, то папрасілі даць нам магчымасць дарасціць нашы рэгіянальныя структуры да 43, што прадугледжана новым Законам аб партыях і грамадскіх арганізацыях. На гэты момант гэты параметр з новай нормы заканадаўства мы не вытрымліваем",— патлумачыў палітык.

Па словах Чэрачня, неабходныя для перарэгістрацыі партыі пяць тысяч чальцоў БСДГ мае. Колькасны рост партыі ён патлумачыў тым, што да іх перайшлі актывісты ліквідаваных незалежных прафсаюзаў.

"Раней мы дастаткова шчыльна працавалі з незалежнымі прафсаюзамі, яшчэ да арышту іх лідараў, таму кансалідацыя і разуменне ў рамках нашай структуры заўсёды былі. Пытанне цяпер у іншым: наколькі гэтае зліццё эфектыўнае і ці дапаможа яно нашай партыі далей працягнуць працу? І вось тут упэўненасці ў мяне няма абсалютна", — прызнаецца лідар партыі.

Хаця Чэрачэнь не спадзяецца на перарэгістрацыю БСДГ, але заяўляе, што самаліквідоўвацца партыя не будзе. На закіды ў тым, што ён гуляе па правілах улады, палітык адказвае:

"Магу сказаць толькі адно: я гуляю па пэўных правілах, таму што ў нашай краіне ёсць чырвоныя лініі (асабліва пасля 2020 года), якія пераходзіць нельга. Так, асабліва не лезем на ражон, але гэтага і не адмаўляем. Усе мы выдатна разумеем, што калі б я цяпер выказваў той пункт гледжання, якім прытрымліваюцца нашы калегі, якія з'ехалі на Захад, то ўжо даўно сядзеў бы ў турме. Альбо прыйшлося б з'язджаць за мяжу ў багажніку машыны"
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі