Чым адрозніваецца беларускі закон “аб дармаедах” ад савецкага
Выхоўваць дзяцей не працуючы можна было ажно да 14 гадоў, але працаваць маглі прымусіць не 15 сутак, а нават 5 гадоў.
“Паразіты” і “сацыяльныя ўтрыманцы”
СССР: У 1961 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прымае ўказ “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска карыснай працы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця”. Ён дзейнічае ажно 30 гадоў. Указ адменяць толькі ў 1991 годзе, перад самым развалам краіны. Тады ж афіцыйна з’явіцца тэрмін “беспрацоўе”.
Беларусь: Сучасны беларускі варыянт закона “аб дармаедах” мае назву “Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства”. Гэта дэкрэт кіраўніка краіны. Фактычна мае такую ж сілу, як закон. Тэрмін дзеяння невядомы. На практыцы дэкрэты кіраўніка краіны ў Беларусі адмяняюцца альбо карэктуюцца толькі іншымі дэкрэтамі кіраўніка краіны.
За што каралі
СССР: У Саюзе артыкулам Крымінальнага кодэкса ўсталёўвалася адказнасць за тры розныя формы так званага “паразітычнага існавання”: бадзяжніцтва, жабраванне, “вядзенне іншага паразітычнага ладу жыцця”. Пад паняцце іншага паразітычнага ладу жыцця падпадалі выпадкі, калі чалавек ухіляўся ад грамадска карыснай працы і жыў “на непрацоўныя даходы” больш за чатыры месяцы запар. Цікава, што за савецкім часам такіх “паразітаў” адразу не каралі, а спачатку рабілі “афіцыйнае папярэджанне”.
Беларусь: Дэкрэт №3 фактычна ўводзіць пакаранне за няўдзел у “фінансаванні дзяржаўных выдаткаў”. То бок законна не працаваць і бадзяжнічаць можна, але за гэта права трэба заплаціць. Пра жабраванне ў нашым Дэкрэце няма ні слова, але афіцыйна зарэгістраваць такі від дзейнасці, хаця б пад выглядам ІП, наўрад ці атрымаецца. Таму зноў жа давядзецца плаціць дзяржаве 20 базавых.
Якім чынам прымушалі працаваць
СССР: За бадзяжніцтва, жабрацтва і паразітызм можна было трапіць на “грамадска карысныя працы” ад 2 да 5 гадоў. Такі сабе аналаг сучаснай “хіміі”. Навучанне ў дзяржаўнай навучальнай установе лічылася дастатковым эквівалентам “грамадска карыснай працы”. У кожным канкрэтным выпадку дармаедства суды былі абавязаныя правяраць, як доўга чалавек не працуе і чаму.
Беларусь: Тут ўсё прасцей. Права нідзе афіцыйна не працаваць можна проста купіць, хай сабе і не вельмі танна. Калі не заплаціць, то максімальны тэрмін “грамадска карысных працаў” пакуль складае ўсяго 15 сутак. Заўважны прагрэс.
Як гэта выглядала ў рэальным жыцці
СССР: Вядомы юрыст Тамара Сідарэнка згадвае, што першай справай у яе шматгадовай практыцы была акурат справа “аб дармаедах” па 209 артыкуле КК БССР. Судзілі жанчыну, што было нячастым выпадкам. “У СССР жанчыны не прыцягваліся да адказнасці па артыкуле за дармаедства, калі яны займаліся выхаваннем дзяцей ажно да 14 гадоў, а не да 7, як зрабілі цяпер у Беларусі”, — успамінае Тамара Сідарэнка.
Юрыст гаворыць, што павальнага палявання на дармаедаў у часы СССР не было. Гэты артыкул выкарыстоўваўся хутчэй для запалохвання. Пры жаданні яго можна было лёгка абысці: “Як правіла, па гэтым артыкуле прыцягваліся мужчыны, якія злоўжывалі алкаголем. Там быў нюанс: трэба было не працаваць 4 месяцы запар. Выйшаў на некалькі дзён запар папрацаваць — і ўжо не можаш быць прыцягнуты да адказнасці. Не так ўсё проста было, не лёгка было прыцягнуць нават тых асобаў, якія насамрэч былі дармаедамі”.
У артыкулах, прысвечаных барацьбе з дармаедствам у СССР, часта згадваюцца савецкія дысідэнты, рок-музыкі. Шараговыя “ціхія алкаголікі” часта паспяхова хаваліся ад гэтага закона, вылічыць усіх было складана, гаворыць Тамара Сідарэнка: “Тады не было такой фіскальнай сістэмы, як цяпер. Камп’ютараў не было. З папераў жа так не вылавіш чалавека, як з базы дадзеных. Хто працуе, хто не працуе, хто чатыры месяцы запар не працуе. У асноўным участковыя шукалі. І ў асноўным трапляліся тыя, хто быў на воку ў міліцыі”.
Беларусь: Як будзе выглядаць практычнае прымяненне Дэкрэта №3 — пакуль не заўсёды могуць расказаць нават у Мінпрацы і Міністэрстве па падатках і зборах. Аднак эксперты гавораць, што пазбегнуць аплаты за “дармаедства” будзе вельмі складана. Цяпер кожны ўладальнік пашпарта РБ улічаны адразу ў некалькі дзяржаўных базах, таму знайсці патрэбнага чалавека зусім не праблема.