Чым Трамп адрозніваецца ад Клінтан? Робім дамашняе заданне з Вікторыяй Азаранка

Чым Трамп адрозніваецца ад Клінтан? Робім дамашняе заданне з Вікторыяй Азаранка

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка рыхтуецца стаць мамай. Час, што вызваліўся ад трэніровак, Вікторыя вырашыла правесці з карысцю для сябе і пайшла вучыцца на праграму MBA. А ў адным з апошніх інтэрв'ю абмовілася, што студэнтам задаюць дамашнія заданні, і цяпер ёй трэба параўнаць эканамічныя праграмы Хілары Клінтан і Дональда Трампа.

"Я думаю, што там выбар: хто б больш не нашкодзіў. Таму мне цяжка параўноўваць, бо пакуль што ў прэзідэнцкіх дэбатах я не бачыла ніякіх рашэнняў праблем. Толькі размовы", — прызналася журналісту тэнісістка.

Еўрарадыё вырашыла дапамагчы Вікторыі зрабіць дамашнюю работу. Мы паклікалі на дапамогу незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, які адразу выклаў тры галоўныя адрозненні ў эканамічных праграмах Хілары Клінтан і Дональда Трампа.

1. Асноўнае адрозненне — у падатковых планах

"Трамп настойвае на павелічэнні розных сацыяльных праграм. Практычна так жа, як дэмакраты, — распавядае Сяргей Чалы. — Толькі ў яго няма адкуль іх фінансаваць, бо ў той жа час ён абвяшчае скарачэнне падаткаў для заможных. Але як закрываць дзіркі ў дэфіцыце? У рэспубліканцаў апошнім часам модна казаць так: нейкім асаблівым чынам. Бізнэс разаўецца, у ЗША вернуцца вытворчасці, якія пераехалі ў Кітай. Эканоміка будзе так расці так расці, што дзірка закрыецца сама сабой.

У Клінтан асноўныя выдаткі — гэта пашырэнне медыцынскага страхавання. Гэтую праграму распачаў Абама, і кандыдатка-дэмакрат будзе яе працягваць. Хілары — прыхільніца прагрэсіўнай падатковай шкалы: чым больш зарабляеш, тым больш плаціш падаткаў.

 

Чым Трамп адрозніваецца ад Клінтан? Робім дамашняе заданне з Вікторыяй Азаранка
Фота: Variety

2. Другое адрозненне — у стаўленні да эканамічных альянсаў

"Хілары Клінтан — фрытрэйдар [прыхільнік свабоднага гандлю. — Еўрарадыё], а Дональд Трамп — пратэкцыяніст, — працягвае Сяргей Чалы. — Яго асноўныя выбаршчыкі — неадукаваныя белыя мужчыны, якія пад уплывам глабалізацыі губляюць працоўныя месцы. І ён ім па-папулісцку кажа: мы перагледзім усе эканамічныя альянсы і заключым нашмат больш выгадныя. Тут таксама магія: як мы гэта зробім? Ну, як-небудзь, але гандлёвыя справы будуць нашмат лепшымі.

Што праўда, цяпер Клінтан і Трамп сыходзяцца ў негатыўнай ацэнцы TPP — Trans Pacific Partnership. Трамп быў супраць гэтага пакта ад пачатку, а Клінтан спачатку яго падтрымлівала, але цяпер таксама крытыкуе. Але ў глыбіні душы яна выступае за свабодны гандаль. А Трамп — пратэкцыяніст. Ён кажа, што ва ўсім вінаваты Кітай, і калі кітайскі імпарт ЗША абкласці пошлінамі (прагучала лічба ў 35%), Але ва ўмовах сусветнага эканамічнага спаду пратэкцыянісцкія меры прыводзяць толькі да мер у адказ, і, як вынік, прапарцыйнага скарачэння ўласнага міжнароднага гандлю".

3. Трэцяе адрозненне — у поглядах на энергетыку

"Рэспубліканцы і дэмакраты традыцыйна падзяляюцца па гэтым пытанні, — кажа Сяргей Чалы. — Першыя лічаць, што глабальнае пацяпленне — сусветная змова з мэтай задушыць вуглевадародную галіну. Як Трамп кажа — выдумка Кітая. Маўляў, насамрэч, ніякага пацяплення няма, а барацьба з выкідамі CO2 патрэбная, каб скараціць сусветную здабычу нафты і газу. На яго думку, ЗША мусяць працягваць капаць і свідраваць. А дэмакраты ў асобе Клінтан кажуць, што яны мусяць быць адказнымі за лёс планеты і інвеставаць у "зялёныя" тэхналогіі".

Трымай, Вікторыя! Можаш не дзякаваць:) Спадзяемся, што з такой дапамогай ты добра зробіш сваю дамашнюю работу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі