Чыноўнік МЗС Егіпта пра захопніка самалёта “Ён не тэрарыст — ён ідыёт”
Раніцай 29 сакавіка аэробус А320 кампаніі EgyptAir, які ляцеў з Александрыі ў Каір, быў захоплены, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.
На патрабаванне захопніка самалёт сеў у аэрапорце горада Ларнака на Кіпры. На борце знаходзіліся 55 пасажыраў і 7 чальцоў экіпажа, сярод іх 30 грамадзян Егіпта, восем амерыканцаў, чатыры брытанцы, чатыры галандцы, два бельгійцы і адзін італьянец, паведамляе ВВС.
Захопнікам называюць выкладчыка ветэрынарнай акадэміі егіпецкага горада Александрыя. Па некаторых дадзеных яму 59 гадоў. Імя яго дагэтуль невядомае.
Некаторыя крыніцы інфармуюць, што захопнік паведаміў, быццам мае пояс шахіда, і прымусіў самалёт накіравацца ў Турцыю ці на Кіпр. Пілоты абралі Кіпр, бо магло не хапіць паліва.
Некаторыя інформагенцтвы заяўляюць, што жонка захопніка быццам жыве на Кіпры, і яе вязуць да самалёта. Па іншай версіі, захопнік сам папрасіў прывезці яе на борт самалёта.
Пра асабістыя матывы захопніка заявіў і неназваны чыноўнік міністэрства замежных спраў Егіпта. Прамая цытата паводле Guardian: “Ён не тэрарыст, ён ідыёт. Тэрарысты — вар’яты, але не тупыя. А гэты хлопец тупы”.
Праз нейкі час з самалёта былі вызваленыя ўсе пасажыры, застаўся толькі экіпаж. Крыху пазней з’явіліся фатаздымкі, як адна са сцюардэс таксама пакідае борт.
На цяперашні момант у самалёце застаецца 7 чалавек — капітан, другі пілот, жанчына — чалец экіпажу, супрацоўнік службы бяспекі і тры замежныя пасажыры.