Ці атрымае Лукашэнка запрашэнне ў Прагу, стане вядома 18-19 сакавіка

Вырашаць пытанне будуць на саміце Еўрасаюза ў Бруселі. Дыялог Мінска і Бруселя працягнецца, і пасрэднікі ў асобе прадстаўнікоў апазіцыі не будуць выключаныя з яго. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі заявіла прадстаўніца вярхоўнага камісара Еўрасаюза па знешняй палітыцы Хаўера Саланы Крысціна Гаях.

Па яе словах, спадар Салана задаволены дэмакратычнымі рэформамі, праведзенымі ў Беларусі, і спадзяецца, што гэта не апошні яго візіт у нашую краіну. Аднак пяць умоваў Еўрасаюза застаюцца ў сіле.

«Нягледзячы на патэнцыял да адкрытых адносінаў, Беларусь павінна зрабіць вялікую дамашнюю работу», - падкрэсліла Крысціна Гаях.

І таму ЕС не можа гарантаваць прысутнасць Беларусі ў праграме Усходняга партнёрства і Аляксандра Лукашэнкі на саміце 7 траўня ў Празе. Канчатковае рашэнне па гэтых пытаннях будзе прынятае 18-19 сакавіка на саміце кіраўнікоў краінаў Еўрасаюза ў Бруселі.

“Хачу яшчэ раз падкрэсліць: ніякага афіцыйнага запрашэнне ў Прагу Лукашэнка пакуль не атрымліваў”, - сказала Крысціна Гаях.

На той жа сустрэчы ў сакавіку міністры мусяць вырашыць лёс санкцыяў у адносінах да беларускіх чыноўнікаў.

Выказванне Лукашэнкі наконт пасрэднікаў, якіх трэба выключыць з дыялогу паміж Бруселем і афіцыйным Мінскам, застаецца адкрытым для інтэрпрэтацыі. Паводле слоў прадстаўніцы Хаўера Саланы, адносіны Еўрасаюза будуць працягвацца як з беларускай уладай, так і з апазіцыяй. Таму падчас наступных візітаў у Беларусь Салана будзе сустракацца не толькі з Лукашэнкам, але і з яго апанентамі.











Фота Віталіны Грахоўскай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі