Ці чакаць Баўмгертнеру расійскую “Альфу” з вызваленчай місіяй?
Нічога незвычайнага ў чарговым беларуска-расійскім “гандлёвым канфлікце” эксперты не бачаць.
Прадпрымальнік, былы намеснік кіраўніка ўрада Расійскай Федэрацыі Альфрэд Кох прапануе свой варыянт вырашэння сітуацыі з гендырэктарам "Уралкалія" Уладзіславам Баўмгертнерам.
“Бацька бярэ закладнікаў. А ў нас для барацьбы з гэтым падраздзяленне “Альфа”. І заканадаўчы дазвол (прыняты, па-мойму, сёлета ўвесну) ажыццяўляць аперацыі па вызваленні закладнікаў за мяжой. Чаго чакаем? Дзе наша крутасць?” — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.
Не менш арыгінальнае выйсце прапануе і журналіст Павел Шарамет у эфіры расійскага тэлеканала “Дождь” — расійскім спецслужбам можна ўзяць у закладнікі пару беларускіх бізнесменаў.
Нагадаю, гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў аэрапорце пасля сустрэчы з беларускім прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. Зараз Баўмгертнер знаходзіцца ў СІЗА КДБ — яго абвінавачваюць у нанясенні вялікіх страт "Беларуськалію".
Ці магчыма такое развіццё падзей, якое прапаноўваюць Кох і Шарамет? У размове з Еўрарадыё Павел Шарамет раіць не ўспрымаць яго словы ўсур’ёз.
Павел Шарамет: “Я ў большай ступені, безумоўна, жартаваў. І расійскі бок не пойдзе на такія сіметрычныя адказы. Проста любы сіметрычны адказ на захоп закладнікаў — гэта сілавыя акцыі. Мяркую, што Расія да сілавых акцый не дойдзе, Баўмгертнер будзе вызвалены, а Расія абмяжуецца эканамічным ціскам”.
Згодны з гэтым і кіраўнік Вышэйшай школы эканомікі, былы міністр эканомікі Расіі Яўген Ясін.
Яўген Ясін: “Нізавошта! Нашто станавіцца падобным да вашага лідара?! Гэта ж проста прыніжэнне. Вы нават не разумееце, якое гэта прыніжэнне для ўсёй Беларусі — жах проста!”
Дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Кірыл Коктыш узгадвае, як у “сітуацыю Баўмгертнера” патрапіў іншы буйны расійскі бізнесмен.
Кірыл Коктыш: “Я нагадаю справу Валерыя Пасата — ён быў дарадцам Анатоля Чубайса, калі той ачольваў РАО ЕЭС. Той па даволі падобным абвінавачванні — у развале і продажы нацыянальнай энергетычнай сеткі — быў затрыманы ў Малдове і асуджаны на 10 гадоў. І нават адсядзеў 2 гады, пасля чаго Вярхоўны суд Малдовы пераглядзеў прысуд. Нягледзячы на ўсе намаганні Чубайса, на тое, што лібералы на той час мелі значна мацнейшыя пазіцыі, чым зараз, мы маем прэцэдэнт, як свайго вельмі істотнага і важкага чалавека не змагла выратаваць ніякая “Альфа”. Не кажучы пра іншыя войскі — нікуды нікога не паслалі”.
Тым больш, працягвае суразмоўца Еўрарадыё, што прэтэнзіі, якія беларусі бок выставіў Баўмгертнеру ды іншым топ-менеджарам, маюць адпаведныя артыкулы і ў беларускім, і ў расійскім заканадаўстве — як і ў амерыканскім ды брытанскім. І робіць выснову: Баўмгертнер не пай-хлопчык, які не ведаў, што рабіў.
А беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў не бачыць нічога новага і надзвычайнага ў новым беларуска-расійскім канфлікце.
Юрый Шаўцоў: “Нічога тут занадта незвычайнага ў адносінах дзвюх краін няма. Можа толькі — сюжэт відовішчны. Але ўзгадайце папярэднія гандлёвыя войны: тут яшчэ да напалу пачуццяў, якія былі тады, далёка”.
Сведкамі ўжывання кіраўніцтвам нашых краін метадаў самалійскіх піратаў і аперацый спецпадраздзяленняў на тэрыторыі замежных дзяржаў мы наўрад ці гэтым разам будзем, расчароўвае Шаўцоў.