У Мінску дзяўчынка трапіла ў рэанімацыю, маці падазрае "цяжкі грып"
Uvaga.by
Дачку мінчанкі Таццяны Е. паклалі ў Гарадскую дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу. "Беражыце сябе і блізкіх. Вельмі цяжкі грып ходзіць па горадзе", — напісала маці на сваёй старонцы ў Facebook і паказала фота дзіцяці ў рэанімацыйным аддзяленні. Дзяўчынку забіралі у рэанімацыю са словамі "лепш не жартаваць", піша мінчанка.
"Стан дачкі стабілізаваўся, але я ўсё яшчэ з ёй у бальніцы", — расказала жанчына журналісту Еўрарадыё раніцай 24 студзеня.
У канцы лістапада міністр аховы здароўя Валерый Малашка паведаміў, што ў гэтым сезоне "эпідэмія [грыпу] не мусіць быць сур'ёзнай". Тым часам у суседняй Украіне ў гэтым сезоне ўжо 25 смяротных выпадкаў грыпу, у Грузіі ад яго памерла 5 чалавек.
"Бальніца не перапоўненая, у рэанімацыях
хворых з грыпам няма"
"Сітуацыя з грыпам не лепшая і не горшая, чым у мінулыя гады, — каментуе Еўрарадыё загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Максім Ачарэтні. — Сам па сабе грып — хвароба небяспечная, гэта трэба разумець. Смяротнасць ад грыпу ў эпідэмію ёсць заўсёды. У Беларусі эпідэмія не абвешчаная, бо вялікага напору хворых няма. Але грып, безумоўна, часам сустракаецца. Бальніца не перапоўненая, у рэанімацыях хворых з грыпам няма".
Сімптомы грыпу — гэта часцей за ўсё недамаганне, болі ў суставах і цягліцах, павышаная адчувальнасць, высокая тэмпература. Калі ж трэба ехаць у бальніцу?
"Калі бачыце, што не спраўляецеся са станам дзіцяці, напрыклад, калі высокая тэмпература не праходзіць ад прыёму гарачкапаніжальных, калі з'яўляюцца парушэнні свядомасці, курчы, ды і ў любых іншых незразумелых выпадках", — раіць доктар.