Ці сапраўды Беларусь фармуе 30% бюджэту Літвы?

“30% бюджэту Літвы фарміруецца Беларуссю. У 2015 годзе, як мне дакладваюць, Еўрасаюз не будзе датаваць Літву, як датуе зараз, на $2-3 мільярды. Сёння ў Літве толькі вар’ят можа пайсці на тое, каб страціць партнёрства з Беларуссю. Да дзесяці мільёнаў тон грузаў мы перавальваем у прыбалтыйскіх партах, парты жывуць толькі за кошт гэтага”, — заявіў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка.

У Літве гэтую заяву прынялі са здзіўленнем. На думку літоўскага палітолага Лаўрынаса Касцюнаса, Беларусь сапраўды мае эканамічны ўплыў на Літву. Але не такі вялікі, як гавораць беларускія ўлады.

Лаўрынас Касцюнас: “Не трэба гэта гіпербалізаваць. Такога вялікага ўплыву няма. Цяпер Беларусь трактуецца як зусім іншая геапалітычная катэгорыя. Цяпер Беларусь у Мытным саюзе. І ўжо такія рычагі, пра якія мы думалі 2-3 гады таму, дзейнічаць не будуць”.

Паводле аглядальніка літоўскай бізнес-газеты Verslo zinios Рытаса Стаселіса, за транзіт беларускіх тавараў у 2012 годзе Літва атрымала 700 мільёнаў долараў. І яшчэ на мільярд закупіла беларускіх тавараў. Пры гэтым бюджэт Літвы складае каля 10 мільярдаў долараў, а ВУП краіны — 43 мільярды долараў. То бок экспарт з Беларусі разам з прыбыткам ад транзіту складае каля 17% бюджэту. А кіраўнік Беларусі гаворыць пра 30%...

Рытас Стаселіс: “Не ведаю, адкуль з’явілася гэта легенда, чаму яна так эксплуатуецца. Можа спадару Лукашэнку лягчэй тлумачыць свае ўнутраныя эканамічныя праблемы альбо павышаць сваю палітычную вагу як лідара ў рэгіёне. Але я магу пра гэта толькі гадаць”.

У той час беларускі эканаміст Леанід Заіка заяву пра “30% бюджэту” называе “хутчэй, палітычнай і прапагандысцкай”. І тлумачыць чаму.

Леанід Заіка: “Магу заўважыць, што траціна бюджэту Літвы — субсідыі з боку ЕС. Калі возьмем сцвярджэнне беларускіх палітыкаў, што яшчэ адна траціна — беларуская, то атрымоўваецца, што самі літоўцы дайшлі да такой мізерабельнай сітуацыі, што могуць ствараць свой бюджэт толькі на траціну”.

Меркаванне пра ўплыў Беларусі на літоўскую эканоміку Рытас Стаселіс чуе не толькі ад беларускіх уладаў, а яшчэ і з боку беларускіх экспертаў, з якімі ён кантактуе. І разам з тым лічыць, што такія заявы мусяць выклікаць непакой, хутчэй, у самой Беларусі, чым у Літве.

Рытас Стаселіс: “З’яўляецца тэма, што калі Беларусь закрые мяжу, транзіт, экспарт у Літву, то літоўская эканоміка абрынецца. Гэта несур’ёзна. Літоўская эканоміка не абрынецца. Магчыма, у самой Беларусі, калі будуць прымацца рашэнні, пабудаваныя на такіх аргументах, будуць праблемы”.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі