Што зменіцца для прадпрымальнікаў пасля новага ўказу прэзідэнта
Для таго, каб рамантаваць камп'ютары, пячы хлеб, працаваць цырульнікам, рабіць рамонты альбо здаваць кватэру на суткі цяпер не трэба станавіцца ІП.19 верасня выйшаў адпаведны указ прэзідэнта.
"Гэты ўказ адзін з некалькіх, якія знаходзіліся ў распрацоўцы са студзеня 2017 года. Цяпер іх пачаў падпісвааць прэзідэнт. У гэтым пакеце каля сямі дакументаў, — тлумачыць старшыня Канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. — Рыхтуюцца вельмі грунтоўныя змены, будзе сур'ёзнае палягчэнне заканадаўства для прадпрымальнікаў".
Падатковая пакуль ніяк гэты дакумент пракаментаваць не можа. Асноўныя палажэнні набываюць моц ужо праз месяц. А пытанняў дагэтуль застаецца шмат.
Што цяпер зменіцца? Калі вы жадаеце працаваць як фізічная асоба без рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам, то вам трэба да пачатку месяца, у якім плануецца пачаць працу, падаць заяву ў падатковую па месцы рэгістрацыі і заплаціць адзіны падатак. Ён можа адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна і ад віду дзейнасці. Таксама яго можна аплаціць на некалькі месяцаў наперад. Здавалася б, усё даволі проста.
Але ў гэтай сістэмы ёсць істотныя мінусы. Напрыклад, у фізасобы няма юрыдычнага статусу прадпрымальніка, а значыць, у яго няма пячаткі. Усе дамовы з ім заключаюцца як з фізічнай асобай. Таму, калі жадаеце нейкіх гарантый, то нават з фізічнымі асобамі падпісвайце неабходныя паперы.
Напрыклад, каб здаваць кватэру на суткі, цяпер не трэба станавіцца ІП. Тэарэтычна, цяпер яны могуць адмовіцца ад ІП, і нібыта спрасціць сабе жыццё. Але Вольга Станеўская, гаспадыня MinskFor.Me Apartments, кажа, што ў дакуменце ёсць агаворка: "для працы з фізічнымі асобамі". У MinskFor.Me Apartments спыняюцца і тыя, хто прыязджае ў Мінск у камандзіроўкі. Адпаведна, ім патрэбны справаздачны дакумент, які могуць даваць толькі фірмы і ІП.
Таксама, калі вы працуеце як фізасоба, а не ІП і больш нідзе афіцыйна не ўладкаваныя, то стаж у вас не ідзе. Каб не застацца без пенсіі, давядзецца плаціць падаткі ў фонд сацыяльнай абароны.
Яшчэ ў 2009 годзе па такіх правілах пачалі працаваць рэпетытары. І калі ўсё так і застанецца, то вось як яно ўсё будзе адбывацца:
"Як мне растлумачылі ў маёй мясцовай падатковай, стаж мне не будзе залічвацца, пакуль я не буду плаціць ўзнос у ФСАН, — распавядае рэпетытар Алена, якая працуе як фізасоба. — Тады гэта выходзіла нешта каля 45 еўра ў месяц. І я вырашыла, што пакуль я яшчэ занадта маладая, і гэта пачакае. Я плачу толькі адзіны падатак, гэта каля 32 рублёў у месяц".
А як быць з "дэкрэтам аб дармаедстве?
Прадстаўнікі падатковай тлумачаць: "Цяпер у закон уносяцца розныя змены і, магчыма, яшчэ нешта зменіцца. Але на сёння, калі будучы фізасобай вы заплаціце адзіны падатак за паўгода, то пад закон аб дармаедстве вы не падпадаеце".
Асноўная розніца паміж фізасобай і ІП у тым, што апошні павінен прадстаўляць штоквартальныя падатковыя дэкларацыі, а ад фізасобы гэтага не патрабуецца.
"Калі займацца толькі рэпетытарствам увесь час, не маючы ніякай іншай працы на баку, то быць фізасобай нашмат выгадней, чым быць ІП са спрошчаным падаткаабкладаннем, — распавядае рэпетытар Алег, якія працуе як ІП. —І квартальныя справаздачы не трэба запаўняць".
Выплаты ўзносаў у ФСАН для ІП абавязковыя (пры ўмове, што ён не працуе афіцыйна дзе-небудзь яшчэ). А ў фізасобы ёсць выбар: выплачваць узносы ці не. Але, калі вы адмаўляецеся плаціць узносы, то разлічваць можаце толькі на мінімальную пенсію.