Ці стануць лідары Майдана хаця б міністрамі?
Лідары апазіцыі ўжо пачалі дзяліць паміж сабой урадавыя крэслы і партфелі, аднак кіраўнікі масавых акцый пратэсту пакуль назіраюць за гэтым збоку.
Удзень 24 лютага Юлія Цімашэнка выступае са зваротам, у якім патрабуе уключыць у склад новых органаў выканаўчай улады “герояў Майдана”.
“Настойваю, каб новы ўрад быў сфармаваны з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія атрымалі перамогу над крывавым рэжымам. Рэвалюцыя была зроблена інтэлектуальнай часткай. Людзі з вышэйшай адукацыяй, людзі, якія свабодна размаўляюць на некалькіх замежных мовах, выстаялі пад дубінкамі і кулямі бандытаў Януковіча”.
Тым часам палітолаг Косць Бандарэнка глядзіць на пытанне скептычна. І гаворыць, што рэальных шансаў улезці ў высокую палітыку для актывістаў Еўрамайдана не так і шмат.
“У тых, хто працаваў на Майдане, у іх, скажам так, вельмі неадназначныя шансы. Майдан, на жаль, не стаў тым ліфтам альбо трамплінам, які выводзіць палітыкаў наверх”.
Адзіным выключэннем Бандарэнка называе імя лідара “Правага сектара” Дзмітрыя Яраша. За яго спінай не адна сотня хлопцаў, схільных у выпадку чаго захапіць любы ўрадавы будынак.
Недаверу да словаў Цімашэнкі дадае тое, што яе “Бацькаўшчына” зараз фактычна вядзе рэй у Вярхоўнай Радзе. А прызначаны выконваць абавязкі прэзідэнта Аляксандр Турчынаў кіруе Цэнтральным штабам Блока Юліі Цімашэнкі і з’яўляецца яе даўнім і верным паплечнікам. І нягледзячы на ўсё гэта, ні камендант Майдана Андрэй Парубій, ні адна з кіраўнікоў медычнай службы пратэстоўцаў Вольга Багамолец, ні Дзмітрый Яраш важных пасадаў пакуль не атрымалі.
Косць Бандарэнка гаворыць, што ў актывістаў Майдана няма асаблівых шансаў і на будучых выбарах прэзідэнта.
“Усе палітыкі, якія называюцца ў якасці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, яны як палітыкі сфармаваліся яшчэ да Майдана. Вельмі сур’ёзныя шансы, напэўна, маюць Юлія Цімашэнка і Пётр Парашэнка”.
На пасаду прэм’ера, паводле слоў палітолага, цяпер шансаў больш за ўсё ў таго ж алігарха Парашэнкі і паплечніка Цімашэнкі Яцэнюка.
Што датычыць пасадаў у міністэрствах, тут шансаў у майданаўцаў больш. Новы ўрад павінны сфармаваць праз восем дзён. Займацца гэтым будзе Вярхоўная Рада. Але ці будзе жаданне ў дэпутатаў дзяліцца мяккімі крэсламі з актывістамі Майдана — таксама пытанне. Прасоўваць іх кандыдатуры проста няма каму.
Пакуль толькі Арсен Авакаў, які замяніў на пасадзе кіраўніка МУС ненавіснага пратэстоўцам Захарчанку, выказаў згоду зрабіць сваімі намеснікамі прадстаўнікоў Майдана. Але не сказаў, каго менавіта і калі.
“Вось, напрыклад, выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Арсен Авакаў, які прадстаўляе партыю “Бацькаўшчына”, ён ужо заявіў аб тым, што прадстаўнікі радыкальных “Самаабароны” і “Правага сектара”, якія сфармаваліся на Майдане, будуць займаць пасады намеснікаў у яго кабінеце”.
Майдан тым часам на дасягнутым не спыняецца. На днях студэнты Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта зладзілі невялікі лакальны "майдан" свайму рэктару Віталю Маскаленку. І былі настолькі пераканаўчымі, што той неадкладна пагадзіўся перадаць ім усю ўладу ў рэктараце, а сам паспешліва знік. Амаль як Віктар Януковіч.
А лідары Аўтамайдана пайшлі яшчэ далей і аб’явілі аб сваёй апазіцыі новай уладзе, не чакаючы яе канчатковага фармавання. Відаць, пра завяршэнне пратэстаў ва Украіне гаварыць яшчэ рана.