Ці сустрэнуцца сам-насам Пуцін з Парашэнкам, а Лукашэнка — з Эштан?

Кіраўнікі трох краін Мытнага саюза, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і адразу тры еўракамісары збяруцца 26 жніўня на перамовы ў Мінску. Але да гэтага часу праграмы мерапрыемства няма. Як і невядома, ці будуць двухбаковыя сустрэчы Пятра Парашэнкі з Уладзімірам Пуціным і Аляксандра Лукашэнкі з Кэтрын Эштан. Не вызначана нават, дзе будуць праходзіць перамовы, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.

Прэс-служба: “Мы не ведаем і таму нічога не можам вам сказаць пра тое, які будзе фармат і дзе гэта будзе адбывацца. Пазней будзе вядома”.

Нічога не ведаюць пра праграму візіту і магчымыя двухбаковыя сустрэчы вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан у прадстаўніцтве ЕС у Беларусі. Маўляў, пакуль яны сумесна з беларускім МЗС займаюцца выключна лагістыкай візіту еўракамісара ў Мінск.

Сам Пётр Парашэнка 21 жніўня заявіў, што будзе ў Мінску "дамаўляцца пра мір і заклікаць забраць баявікоў з Украіны". Нават выказаў упэўненасць, што яму ўдасца гэтага дабіцца. Праўда, украінскі прэзідэнт не ўдакладняе, ці будзе гэта казаць на агульнай сустрэчы ўдзельнікаў перамоў, ці падчас асабістай сустрэчы з расійскім калегам. Тым не менш, верагоднасць двухбаковай сустрэчы Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна не выключаюць ні ўкраінскія, ні расійскія, ні беларускія эксперты. Іншая рэч, якога выніку ад яе чакаць?

Украінскі палітолаг Косць Бандарэнка ад сустрэчы кіраўнікоў Украіны і Расіі не чакае імгненнага вырашэння ўсіх канфліктных пытанняў, але даволі аптымістычна выказваецца па яе магчымым выніку.

Косць Бандарэнка: “Ад гэтай сустрэчы шмат можа залежыць у будучыні. Я не думаю, што прэзідэнты расставяць усе кропкі над “і” — гэта прэрагатыва выканаўчых структур, якім даецца ўказанне прэзідэнтамі. Але палітычную волю, я думаю, яны павінныя выказаць у дадзенай сітуацыі. Інакш няма сэнсу праводзіць перамовы”.

                                 Косць Бандарэнка

Палітычная воля двух прэзідэнтаў калі і праявіцца, то толькі ў тым, каб дамовіцца аб працягу перамоў. Не больш за тое, упэўнены расійскі палітолаг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: “Галоўная тэма Мінска — гэта на самай справе не нейкія мірныя дамоўленасці і прарывы, а дамоўленасці пра механізмы ўзаемадзеяння. Механізмы перамоў і далейшых кантактаў. Гэта будзе самы галоўны вынік, калі дамовяцца, што расійска-ўкраінскія кантакты будуць рэгулярнымі, а з нашага боку будзе знятае табу на шмат якія кантакты”.

Беларускі палітолаг Андрэй Ягораў верагоднасць двухбаковай сустрэчы Пуціна і Парашэнкі лічыць невялікай.

Андрэй Ягораў: “Парашэнка ў такой сустрэчы зацікаўлены, але невядома, наколькі гэтая сустрэча Пуціну будзе патрэбная. Бо дзеянні Расіі накіраваныя на працяг дэстабілізацыі ва Украіне і не бачна ніякага жадання дамаўляцца”.

                                          Андрэй Ягораў

Па словах суразмоўцаў Еўрарадыё, прысутнасць у Мінску вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан ніяк не паўплывае на вынік гэтай двухбаковай сустрэчы. На ёй Эштан адведзеная рытуальная роля — прадставіць на перамовах еўрапейскі бок, упэўнены Косць Бандарэнка. З ім згодны расійскі палітолаг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: “Я думаю, што наступны этап перамоў пасля Мінска таксама будзе шматбаковы — у Жэневе, Хельсінкі ці ў нейкім іншым еўрапейскім горадзе. І прысутнасць прадстаўнікоў ЕС у Мінску можа стаць гарантыяй таго, што наступная сустрэча адбудзецца. Хаця б на ўзроўні міністраў замежных спраў”.

                         Андрэй Фёдараў

Па словах экспертаў, перамовы такога ўзроўню і на такую актуальную тэму ў Мінску — падарунак для кіраўніка Беларусі, бо ён ў гэты час будзе ў фокусе ўсіх сусветных аб’ектываў. І нават такі вынік, як дамова аб працягу перамоў, Лукашэнку задаволіць, лічыць Андрэй Фёдараў. Таму што гэта хоць нейкі крок да пачатку магчымага ўрэгулявання канфлікту. А ці атрымае нейкую выгаду афіцыйны Мінск ад візіту еўракамісараў? Прарыву ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС не будзе, упэўнены Андрэй Ягораў. Тым больш што калі з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем еўракамісар дакладна сустрэнецца, то наконт сустрэчы з Лукашэнкам — пытанне.

Андрэй Ягораў: Я не думаю, што зараз яны да нечага такога дамовяцца, што стане штуршком для развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС. Зараз можа ісці гаворка пра тое, што кантакты, абмен візітамі прывядуць да вызвалення палітычных вязняў, і пачнецца новы этап: тады можа быць знятая большая частка санкцый, і пашыраныя візіты будуць адбывацца. Вось гэта наступны этап”.

Ці могуць Лукашэнка і Назарбаеў аб’яднацца і нейкім чынам паўплываць на пазіцыю Пуціна на гэтых перамовах? Могуць, не выключаюць суразмоўцы Еўрарадыё. Але, дадае Андрэй Фёдараў, калі ён іх у чым і паслухае, то толькі ў тым, каб не адмяняць зону свабоднага гандлю з Украінай ужо цяпер, а крыху пачакаць.

Фота: Змітра Лукашука, forbes.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі