На зборах на Крыце Надзея Скардзіна бавіла час са швейцарцам Марцінам Егерам
Алімпійская чэмпіёнка Пхенчхана-2018 па біятлоне (эстафета) Надзея Скардзіна да гэтага часу не распавяла, ці працягне спартыўную кар'еру ў наступным сезоне. Замест ўстаноўчага збору зборнай Беларусі ў Раўбічах 33-гадовая біятланістка адправілася на Крыт, дзе трэніравалася біятлонная зборнай Швейцарыі. Еўрарадыё высветліла, што прывяло беларуску на грэцкі востраў.
Сярод тых, хто знаходзіўся ў асяроддзі швейцарскіх біятланістаў, быў і алімпійскі чэмпіён Турына-2006 у складзе зборнай Германіі Мікаэль Рош, які сёлета выступае пад сцягам Бельгіі. У размове з Еўрарадыё тытулаваны спартсмен пацвердзіў, што Скардзіна знаходзіцца на Крыце, і падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі.
"Сапраўды, я трэніраваўся са зборнай Швейцарыі па біятлону на Крыце, – распавёў Еўрарадыё Мікаэль Рош. – Надзея таксама там была. З Марцінам Егерам [швейцарскі біятланіст і лыжнік, срэбны прызёр юніёрскага чэмпіянату свету. – Еўрарадыё]. Так што не хвалюйцеся".
Што менавіта прывяло Скардзіна і Егера ў Грэцыю, Рош не ўдакладніў. На пытанне, ці трэніравалася беларуска на Крыце, Мікаэль адказаў коратка: "Час ад часу". І прымацаваў "сумнеўны" смайл.
Марцін Егер амаль на 3 гады маладзейшы за Надзею Скардзіна, яму 30 гадоў. Біятланіст рэдка трапляе ў ачкі на этапах Кубка свету, не вельмі-та дакладна страляе і не вельмі-та хутка бегае. Але на Алімпіядзе ў Пхёнчане ён уваходзіў у склад зборнай Швейцарыі.
Адзначым, што выпадкі, калі паміж біятланістамі з розных зборных завязваюцца адносіны, нярэдкія. Беларуска Дар'я Домрачава ў шлюбе з тытулаваным нарвежцам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам, яны выхоўваюць дачку Ксенію. Да таго Б'ёрндален таксама быў жанаты на біятланістцы, бельгійцы італьянскага паходжання Наталі Сантэр.
Іншая вядомая пара ў біятлоне – экс-трэнер зборнай Беларусі француз Рафаэль Пуарэ і нарвежка Ліў-Грэйт Шэлбрайт. У пары нарадзіліся тры дачкі, але пасля 13 гадоў сумеснага жыцця пара Пуарэ разышлася.