Ці зменіцца сітуацыя ў Беларусі пасля рэферэндуму? Разважае Андрэй Дзмітрыеў
Сітуацыя ўнутры Беларусі не стане прасцейшай пасля рэферэндуму, лічыць палітык Андрэй Дзмітрыеў. Паўтарэння пратэставай сітуацыі 2020 года пры кіраванні Аляксандра Лукашэнкі можна не чакаць, кажа ён.
— Мы можам убачыць, што стане менш адвольных затрыманняў, больш прасторы для выказвання.
Сур’ёзна змяніць яе змогуць толькі знешнепалітычныя фактары, але тое не будуць змены, якія мы назіралі ў 2012–2013 гадах, калі пачалі адпускаць палітзняволеных. Зараз улада пабудавала сістэму, у якой рэпрэсіі з’яўляюцца адной з вельмі важных цаглінаў у фундаменце рэжыму. Яны могуць быць менш і больш інтэнсіўныя, але прынцыпова сітуацыя застанецца такой да мясцовых і парламенцкіх выбараў 2024 года. І гэта тыя выбары, пра якія нам трэба сур’ёзна думаць.
Ён кажа, што гаварыць пра нейкія радыкальныя змены, калі шмат каго з беларусаў няма ў краіне ні фізічна, ні ідэйна, немагчыма.
— Мы можам дачакацца жудаснай сітуацыі, калі выбары стануць магчымымі, а не будзе нікога, хто будзе прасоўваць ідэі, звязаныя з дэмакратыяй, сапраўднай незалежнасцю, роўнасцю перад законам. Таму важна сёння ўтрымаць сцяг пераменаў, бо калі няма на што абапірацца, дык не будзе магчымасці ісці наперад, калі з’явіцца шанец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.