Ціхановіч: Еўрабачанне – не цацкі. АНТ найперш трэба было ведаць правілы

Цяпер тэлеканал АНТ спадзяецца на… БТ. Маўляў, тыя пададуць заяўку на ўдзел Беларусі ў конкурсе "Еўрабачанне", а потым перададуць гэтую магчымасць АНТ.  Пасля візіту ў Мінск дырэктара Еўрапейскага вяшчальнага саюза Б'ёрна Эрыксэна, нечакана ўсе зразумелі, што Беларусь можа застацца без Еўрабачання. Нагадаем, ад АНТ пададзена заяўка на сяброўства ў ЕВС. Але паколькі камісія ЕВС збіраецца толькі два разы на год, гэтае пытанне будзе разглядацца толькі ў снежні. А заяўку на ўдзел у Еўрабачанні трэба падаваць вось-вось...

Аліна Праваторава, прэс-сакратар тэлеканала АНТ, распавяла Еўрарадыё, што ў новых абставінах АНТ згоднае пасупрацоўнічаць са сваімі першымі канкурэнтамі — тэлеканалам БТ.

Аліна Праваторава: "Паводле статута ЕВС, мы не паспяваем падаць заяўку да 15 лістапада, бо мы не ўваходзім ў ЕВС. Таму гэта па дамоўленасці робіць Першы канал — падае заяўку ў ЕВС на ўдзел Беларусі ў конкурсе Еўрабачання. Калі мы атрымаем сяброўства ЕВС, то ўжо ў сярэдзіне снежня мы з Першым каналам будзем вырашаць, што рабіць далей. На гэты момант мы будзем супрацоўнічаць".

Аляксандр Ціхановіч, былы кіраўнік адборачнага туру “Еўрафэст”, упэўнены: перш, чым займацца конкурсам, варта дакладна ведаць усе ўмовы.

Аляксандр Ціхановіч: "Як гэта сітуацыя магла скласціся па-іншаму, калі існуюць правілы Еўрапейскага вяшчальнага саюза? Адзін з дырэктараў ЕВС дакладна ўсё патлумачыў. Я думаю, перш чым займацца якімі-небудзь мерапрыемствамі, конкурсамі, трэба глыбей даведацца пра ўсе ўмовы. Гэта ж не цацкі!"

Ці застанецца "Еўрафэст", пакуль невядома. Аляксандр Ціхановіч не супраць дапамагчы калегам з АНТ, але не ўпэўнены, што гэта камусьці цікава.

Аляксандр Ціхановіч: "Як вы разумеце, "Еўрафэст" – гэта праект Белтэлерадыёкампаніі. І менавіта Белтэлерадыёкампаніі вырашаць, будзе гэты праект працягвацца, калі конкурсам Еўрабачання будзе займацца АНТ, ці не. Калі на гэта будзе воля кіраўніцтва, я з задавальненнем падзялюся сваімі ведамі і досведам. Але я не думаю, што мной могуць зацікавіцца ці запытацца ў мяне пра гэта".

Аліна Праваторава не выключае, што АНТ зладзіць свой конкурс песні для Еўрабачання. Як толькі будзе мець на гэтае права:

Аліна Праваторава: "Давайце не будзем забягаць наперад. Пакуль мы толькі працягваем шукаць песню. Для Еўрабачання ці не – гэта ўжо іншае пытанне. Уся справа ў тым, што музычныя праекты — гэта візітоўка АНТ. Мы першымі з усіх тэлеканалаў пачалі імі займаца і працягваем гэта рабіць. У гэтым годзе быў конкурс “Новыя галасы Беларусі”. Чаму б нам і не зрабіць свой песенны конкурс?"

Як даведалася Еўрарадыё, на конкурс, які аб’явіў тэлеканал, падалі ўжо каля 140 песень. АНТ кажа, што выбар пакуль не надта вялікі:

Аліна Праваторава: "Было шмат проста тэкстаў для песень, а нас перш за ўсё цікавіць музыка. Мы шукаем цікавую песню. А ўжо час пакажа, што з ёю рабіць: ці зможам мы пасылаць яе на Еўрабачанне, ці будзем выкарыстоўваць яе ў нашым тэлепраекце. Усе грашовыя ўзнагароды, якія мы абяцалі пераможцу, захоўваюцца".

Нагадаем, гэта 50 тысяч долараў! Яшчэ ніколі песня для Еўрабачання не каштавала так шмат. Але ці прагучыць “песня за 50 тысяч” у Нарвегіі — яшчэ пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі