Ціхану і Дзевятоўскаму вернуць медалі на пачатку жніўня

Ужо на пачатку жніўня беларускім алімпійцам Івану Ціхану і Вадзіму Дзевятоўскаму вернуць медалі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Пётр Рабухін. Нагадаем, што беларускія кідальнікі молата Дзевятоўскі і Ціхан былі пазбаўленыя срэбранага і бронзавага медалёў Алімпіяды-2008 нібыта за ўжыванне допінгу. Цягам двух гадоў спартоўцы аспрэчвалі гэтае рашэнне ў Спартыўным арбітражным судзе, і сёлета на пачатку чэрвеня іх апраўдалі. Аднак па сённяшні дзень яны чакаюць сваіх узнагародаў.

НАК гатовы вярнуць медалі хоць сёння, але цырымонія павінна адбывацца ўрачыста. Самі ж алімпійцы актыўна трэніруюцца. Як распавёў Еўрарадыё Вадзім Дзевятоўскі, ужо ў наступным годзе ён плануе вярнуцца да ўдзелу ў міжнародных турнірах.

Дзевятоўскі: “Зараз трэба аднавіць у першую чаргу нервы. Трэніроўкі я не закідваў. На працягу гэтых двух гадоў, каб адстояць медаль я трэніраваўся. Але будзе правільным цяпер не думаць пра Лондан, а паступова аднавіць нервы і думаць пра выступленні ў наступным годзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі